прывяза́цца, ‑вяжуся, ‑вяжашся, ‑вяжацца; зак.
1. Прымацавацца да чаго‑н. вяроўкай, рэменем і пад. [Макараў] сеў у кабіну, прывязаўся, агледзеўся. Алешка.
2. перан. Адчуць прыхільнасць да каго‑, чаго‑н., неабходнасць быць дзе‑н., з кім‑, чым‑н. Мая так прывязалася да Наташы, што калі тая, занятая якой-небудзь тэрміновай працай доўга не прыходзіла да іх, сумавала. Краўчанка. Будучы здольным моцна прывязацца да чалавека, [Галынскі] не знаходзіў людзей, якія маглі б выклікаць у ім пачуцці гэткай прывязанасці. Галавач.
3. перан. Прыстаць да каго‑н. з назойлівымі просьбамі, пытаннямі і пад. — Ды што ты, чалавек! Ашалеў?!. Каб я так сваю гаспадарку аглядаў, як я бачыў твайго каня.. І чаго прывязаўся чалавек? Крапіва. — Язэп, уставай — крычыць ён [дзед] сыну: Уставай у гэтую ж хвіліну! — .. — Чаго да хлопца прывязаўся? Лепш лёг бы каменем. Набраўся! — Гаворыць баба і сярдуе. Колас. // Пачаць неадступна ісці за кім‑н., праследаваць каго‑н. Сабака прывязаўся за хлопчыкам.
4. Спец. Звязацца з якім‑н. арыенцірам, суаднесціся з чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)