Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

слюда́, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Празрысты, слаісты мінерал, які прымяняецца ў тэхніцы. Параходы ў прыстанях-затонах Бралі нікель, золата, слюду. Шушкевіч. / у вобразным ужыв. Плыве, журчыць вада — Празрыстая слюда. Дзеружынскі.

слю́дзісты, ‑ая, ‑ае.

Які змяшчае ў сабе слюду, багаты на слюду. Слюдзістая парода. Слюдзістыя слапцы. // Які нагадвае сабой слюду. [Шчупак] ледзь жывы, хваравіта варушыць жабрамі, цяжка дыхае пляскатай пашчай і абыякава, глядзіць на белы свет слюдзістымі сваімі вочкамі. Вірня.

слюдзяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да слюды, змяшчае ў сабе слюду. // Зроблены з слюды. Слюдзяны ізалятар. Слюдзяная пракладка. □ Слюдзяная покрыўка адбівала святло і перашкаджала бачыць карту. Самуйлёнак. // Звязаны са здабычай і апрацоўкай слюды. Слюдзяныя распрацоўкі.

2. Які нагадвае слюду, падобны на слюду (бляскам, колерам і пад.). Слюдзяныя вочы шчупака. □ За цёмнымі шыбамі, зацягнутымі слюдзянымі наплывамі лёду, глухі шоргат і шапаценне. Кудравец.

сляб, ‑а, м.

Спец. Стальная пліта, якая служыць загатоўкай для пракаткі ліставой сталі.

[Ад англ. slab — пліта, пласпіна.]

сля́бінг, ‑а, м.

Спец. Магутны, пракатны абціскны стан, прызначаны для перапрацоўкі стальных зліткаў у слябы.

[Англ. slabbing.]

сля́бінгавы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да слябінга.

слядзі́ць, сляджу, слядзіш, слядзіць; слядзім, следзіце; незак., чым і без дап.

Разм. Пакідаць сляды на падлозе, пэцкаючы яе. І хутка белыя масніцы Слядзіў валёнкамі Лявон. Гаўрусёў. [Васіль:] — Калі дазволіш, дык я вось на гэты табурэт прысяду... Не хачу слядзіць у тваім хораме. Сіняўскі.

сляза́, ы́; мн. слёзы (з ліч. 2, 3, 4 слязы́), слёз; ж.

1. толькі мн. (слёзы, слёз). Бясколерная, празрыстая саленаватая вадкасць, якая выдзяляецца асобымі залозамі вачэй пры раздражненне болі або моцных перажываннях. Цякуць слёзы. □ І Міколка плакаў. Зашыўшыся ў каноплі, ён праляжаў усю ноч, пакуль не выплакаў усіх слёз. Лынькоў. На вачах у Васіля паказаліся слёзы, твар перасмыкнуўся ад болю. Краўчанка. Сівы глядзеў .. [Міколу] ў вочы вялікімі поўнымі слёз вачыма. Брыль. Міхайла Варута ціха ў вус усміхаецца, а Сцёпкава маці ўцірае слёзы радасці і жалю. Колас. / адз. у знач. зб. Слязу ўспамінаў сатры, Салдатаў лясных матуля! Барадулін. Гаручая сляза пячэ мне вочы. Зарыцкі.

2. Адна кропля такой вадкасці. Дзве слязы паказаліся з-пад павек, пацяклі па скронях і скацілася на падушку. Арабей. Па левай шчацэ коціцца сляза. Жычка.

3. толькі мн. (слёзы, слёз). Плач. Давесці да слёз. □ Замест адказу Аўгінька, ледзь стрымліваючы слёзы, жорстка і суха загаварыла. Зарэцкі. Маці ў слёзы: — А мой сынок, а мой сакалок. Якімовіч. [Антусёк:] — Зараз ясна будзе ўсё, Толькі слёз не трэба. Гілевіч. Я тапчуся на ўскраі пагорка, мяне душаць слёзы, і я пытаюся ў кургана: — Татачка, дзе ты тут? Лось. / адз. у знач. зб. Лёгкі на слязу.

4. перан. Кропля соку, вільгаці, якая выдзяляецца на паверхні чаго‑н., у чым‑н. Сыр са слязой.

5. Разм. Пра гарэлку. [Перагуд:] Падай мне гэту слязу. (Дубавец падае чацвяртушку з гарэлкай). Крапіва. [Рыгор:] «З дарогі за сталом бы пасядзелі, па чарачцы на сон божы ўзялі... Эх, і першачок жа там дома ў мяне! Сляза...» Ракітны.

•••

Абліцца слязамі гл. абліцца.

Адальюцца каму чые слёзы — хто‑н. паплаціцца за зробленае камусьці зло, крыўду і пад.

Адны слёзы — а) бяда, гора; б) вельмі мала.

Асушыць слёзы гл. асушыць.

Выціснуць слязу гл. выціснуць.

Глынуць слёз гл. глынуць.

Глытаць слёзы гл. глытаць.

Да слёз (цяжка, крыўдна, балюча і пад.) — вельмі, надзвычайна. Было сорамна, брыдка і балюча да слёз, што ў такі адказны момант не здолеў стрымаць сябе. Асіпенка.

Заліцца (горкімі) слязамі гл. заліцца ​1.

Кракадзілавы слёзы — пра няшчырае, прытворнае шкадаванне, спачуванне.

Ліць кракадзілавы слёзы гл. ліць.

Ліць слёзы гл. ліць.

Наліцца слязамі гл. наліцца.

Пусціць слязу гл. пусціць.

Скрозь (праз) слёзы — са слязамі на вачах, плачучы.

Слёзы падступілі да горла — гатоў расплакацца.

Увесці ў слёзы гл. увесці.

Умыцца слязамі гл. умыцца.

Уцерці слёзы каму гл. уцерці.

слязі́на, ‑ы, ж.

Тое, што і сляза (у 1, 2 і 4 знач.). І чхаў [Антось], і пырхаў з паўгадзіны, І выціраў з вачэй слязіны. Колас. Вочы .. [бацькі] зачырванелі, і дзве слязіны застылі на шчоках. Чорны.

слязі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да слязіна, сляза (у 1, 2 і 4 знач.). Як ні трымаў сябе ў руках Андрэй, але і ў яго вачах бліснула слязінка. Колас. Даніла Платонавіч разбіў галавешкі, потым, падумаўшы, зноў ўкінуў дроў, і Лемяшэвіч назіраў, як хутка яны загараюцца, як на паленн[і] выступаюць слязінкі смалы, капаюць у жап. Шамякін.