Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

святлафі́льтравы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да святлафільтра. Святлафільтравыя акуляры.

святлафо́р, ‑а, м.

Сігнальны электрычны ліхтар з чырвоным, жоўтым і зялёным шкельцамі для рэгулявання руху на вуліцах, аўтамабільных дарогах, чыгунках. Цягнік прайшоў. Міма зялёных і чырвоных нерухомых агнёў стрэлак і святлафораў плыў-хістаўся, аддаляючыся, чырвоны стоп-сігнал. Шамякін.

святлафо́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да святлафора; які ажыццяўляецца з дапамогай святлафора. Святлафорная сігналізацыя.

святлаце́нь, ‑ю, м.

Размеркаванне светлых і ценявых штрыхоў, плям як сродак перадачы ў жывапісе аб’ёмнасці малюнка.

святлачу́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць святлачулага.

святлачу́лы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і святлочуллівы.

святле́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. светлы.

святле́цца, ‑еецца; незак.

Разм. Тое, што і святлець (у 4 знач.). Калона няўхільна рухаецца наперад, туды, дзе святлеецца поле. Дзенісевіч.

святле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца светлым або больш светлым. На шэрым небе цьмяна святлелі затуманеныя, буйныя зоры. Самуйлёнак. Ледзяныя ўзоры, здавалася, былі наліты крывёю — яны то святлелі, пераліваючыся расплаўленым золатам, то наліваліся густым барв[я]нцам. Лынькоў. // перан. Станавіцца радасным, прыветлівым. Але вось я заўважаю — [Вароніч] пачынае святлець, напружанасць яго спала, нарэшце з’явілася здагадлівая ўсмешка, і ён ужо, відаць разабраўшыся ў сім-тым, дачытваў апошнія радкі з выразам агіды і абурэння. Ракітны.

2. безас. Пра надыход раніцы, дня. Навокал святлела, адплывалі кудысьці ўверх апошнія прыцемкі ночы, па зямлі крочыла зімняе світанне. Бураўкін. Добрыя вярсты тры прайшоў Пракоп, калі ў полі пачало святлець, займацца на дзень. Колас. Бярэцца пад дзень. Святлее. Бядуля. // перан. Пра ўзнікненне радаснага, добрага, вясёлага настрою. Прыемна і цікава было бачыць, як за адну ноч усё раптам робіцца не такім, як учора, набывае новы выгляд, нібы аднаўляецца. Не дзіўна, што ад гэтага і ў душы святлее. Шамякін.

3. перан. Станавіцца больш ясным, ураўнаважаным (пра свядомасць, думкі і пад.). Але паступова думкі.. [Максіма] святлелі. Шамякін. / у безас. ужыв. І тут, мусіць ад напружання, у галаве раптам святлее. Карпюк.

4. Выдзяляцца сваім светлым колерам; віднецца. Недзе ўгары слаба святлела невялічкая адтуліна. Лынькоў. Адзенне пакамечанае, забруджанае, толькі дзе-нідзе святлелі жоўтыя кружочкі латаў. Арабей.

святлі́ца, ‑ы, ж.

Уст. Светлы, чысты пакой у хаце, прызначаны звычайна для прыёму гасцей. Гэтая прасторная святліца з мноствам фікусаў, аганькоў, руж, пальмаў, якімі былі застаўлены ўсе вокны і палавіна падлогі, і была кватэрай Сашы. Шамякін. Пасядзела на кухні ў кутку з дзіцём я — не пусцілі ў святліцу бацькі. Куляшоў.