гу́шкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Рытмічна калыхаць, гайдаць з аднаго боку ў другі або зверху ўніз. Ганна, якая пачапіла ўжо калыску на сук, гушкала малую. Мележ. [Ксаня] ўсё гушкала малое, аднастайна пеючы ціхую калыханку. Лынькоў.
2. Падкідаць каго‑н. на руках, выражаючы любоў, захапленне і пад. Дзеда Тодара ссадзілі са сцэны. Гушкалі, крычалі: «Брава!.. Давай, дзеду, барыню!..» Пташнікаў.
гу́шча, ‑ы, ж.
1. Густы асадак (стравы, раствору і пад.) на дне пасудзіны. Высахла чарніла ў .. пляшцы — адна гушча была на дне. Баранавых. Сёрбай юшку, на дне гушча! Прымаўка.
2. Разм. Тое, што і гушчар. — Ты падумай толькі: пушча! Дзень ідзеш і два ідзеш, І такая табе гушча — Вокам цемры не праб’еш! Колас. Там, у гушчы, дзе дрэваў Звон рачулкі, птахаў спевы, Хатка ёсць. Кірэенка.
3. Месца найбольшага скопішча каго‑, чаго‑н. Зося кінулася ў гушчу моладзі і пачала таптацца з нейкім незнаёмым Рыгору хлопцам. Гартны. // перан. Глыбіня, асяроддзе чаго‑н. Рыгор уваходзіў у гушчу рабочага жыцця, у вадаварот грамадскай працы. Гартны. Выхадзец з гушчы працоўных мас, К. Чорны быў шчырай і сумленнай душой народа. Хведаровіч.
4. Абл. Каша. Марыля паставіла якраз на стол гушчу наліваную — пшанічную кашу з малаком, калі ў хату зайшоў Павал. Караткевіч.
гушча́р, ‑у, м.
Густы ўчастак лесу. Непралазны гушчар. □ Загудзеў гушчар высозны — Беразняк, дубы і сосны, ліпы, ясені, яліны, Явары, кляны, асіны. Муравейка. // Густы зараснік чаго‑н. У чарацяным гушчары шчабеча ды шастае нейкая птушыная дробязь. Брыль.
гушча́рнік, ‑у, м.
Разм. Тое, што і гушчар. У гушчарніку спявалі птушкі, свісталі рабчыкі, шапацелі лісцем асіны і бярозы. Чарнышэвіч.
гушча́рня, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і гушчар. Закаўкалі каўкі на ўзвышшы. Затрэслася лісце ў гушчарні. Купала.
гушчыня́, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і стан густога. Гушчыня травы. Гушчыня раствору. Гушчыня чыгуначнай сеткі. □ Усюды прабіваюцца кусты арэшніку і каліны, павялічваючы яшчэ больш гушчыню і непраходнасць лесу. В. Вольскі.
2. Тое, што і гушчар. І рады я вясне тваёй, Айчына, Як сонцу кветка ў гушчыні лясной. Прыходзька.
3. Тое, што і гушча (у 3 знач.). У гушчыні натоўпу. З гушчыні народных мас.
гушчэ́зны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Вельмі густы. Гушчэзны зараснік. □ Яе прывезлі з далёкай Англіі. А да таго сланіха жыла ў гушчэзных лясах гарачай Афрыкі. Даніленка.
гушчэ́ча, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і гушчар. Пад ялінай непралазны падлесак: маладыя елкі, хвойкі, густы арэшнік ды дубовыя кусты па адхону, аж да самай вады, да лазовай гушчэчы. Лынькоў.
гу-гу́,
У выразе: ні гу-гу (у знач. вык.) — а) загад або просьба маўчаць. — Толькі, браткі, ні шэп! Нікому ні гу-гу, што гэта я вам сказаў! Колас; б) маўчаць, не падаваць голасу. Пастукалася ў сенцы Палашка — ні гу-гу. Як морак па сядзібе прайшоў. Лобан.