эмацыяна́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан эмацыянальнага. Эмацыянальнасць музыкі. □ [Яўгенія Васільеўна], па сутнасці, дала паказальны ўрок літаратуры перад нябачнымі вучнямі, паказала, якім духоўным багаццем і эмацыянальнасцю павінен валодаць той, хто выбраў сабе педагагічную ніву. Хадановіч.
эмацыяна́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выражае эмоцыі; выкліканы эмоцыямі, напоўнены эмоцыямі. Эмацыянальная прамова. Эмацыянальная гульня. □ А па вачах было відаць, што жанчына кожную хвіліну жыве багатым эмацыянальным жыццём. Арабей. І ўсё ж ад эпізода да эпізода фільм набірае тэмп і пругкасць, расце эмацыянальны напал падзей. «ЛіМ».
2. Здольны жыва рэагаваць на што‑н.; не разважны, нястрыманы. Эмацыянальны характар. Эмацыянальны чалавек.
эмбалі́я, ‑і, ж.
У медыцыне — закупорванне крывяноснага сасуда якой‑н. густой часцінкай, занесенай крывёю з адной часткі цела ў другую.
[Ад грэч. embolē — укідванне, укліньванне.]
эмба́рга, нескл., н.
Забарона дзяржаўнай уладай увозу ці вывазу за мяжу чаго‑н. (тавараў, каштоўнасцей). Эмбарга на лес. // Затрыманне суднаў і грузаў, якія належаць іншай дзяржаве, у сувязі з палітычнымі ўскладненнямі.
[Ісп. embargo.]
эмбле́ма, ‑ы, ж.
Прадмет ці відарыс прадмета як умоўнае ці сімвалічнае вырашэнне якога‑н. паняцця, ідэі. Серп і молат — эмблема яднання рабочых і сялян. □ Яны ідуць, дзе зоры свецяць, Сцягі пад сонцам шалясцяць, Яны нясуць працоўным свету Эмблему роўнасці й жыцця. Трус. Валодзька з’явіўся ў клубе ў чорным новенькім шынялі, у форменнай фуражцы з эмблемай, наглянцаваных чаравіках. Кірэйчык. Зубр — сімвал імклівай сілы — робіцца эмблемай магутнага і нястрымнага руху наперад маладой беларускай сацыялістычнай індустрыі, сімвал «машыннай сілы краіны». В. Вольскі.
[Грэч. ēmblēma — устаўка; рэльефная аздоба.]
эмблематы́чны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які мае адносіны да эмблемы, з’яўляецца эмблемай. Эмблематычны знак.
эмбрыёлаг, ‑а, м.
Спецыяліст у галіне эмбрыялогіі.
эмбрыён, ‑а, м.
Зародак чалавека ці жывёлы. Чуеце, Кволыя стукаюць дзюбы?.. Гэта ўпарта, Бы камнярубы, Працуюць нядаўнія эмбрыёны, Акно прабіваючы ў свет зялёны. Сіпакоў. // перан. Зараджэнне, пачатковая стадыя чаго‑н.
[Грэч. émbryon.]
эмбрыягене́з, ‑у, м.
Спец. Працэс эмбрыянальнага развіцця арганізмаў.
[Ад грэч. émbryon — зародак і génesis — нараджэнне, узнікненне.]
эмбрыялагі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да эмбрыялогіі. Эмбрыялагічнае даследаванне.
2. Звязаны з перыядам развіцця эмбрыёна. Эмбрыялагічнае развіццё арганізма.