Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шырата́, ‑ы, ДМ ‑раце; мн. шыроты, ‑рот; ж.

У геаграфіі — адна з каардынат, якая вызначае месцазнаходжанне пункта па зямной паверхні; адлегласць ад экватара па мерыдыяну, якая выражаецца ў градусах. 1 студзеня 1820 года шлюпы.. дасягнулі 69°21′ паўднёвай шыраты. «Беларусь». // толькі мн. (шыро́ты, ‑рот). Месца, мясцовасць, якія знаходзяцца на той ці іншай адлегласці ад экватара. Высокія шыроты. □ Радыст з Беларусі, змакрэлы ад поту, лавіў галасы незнаёмых шырот. Вялюгін. Некаторыя відныя кіраўнікі і нават вучоныя пярэчылі ўкараненню новага незвычайнага ў нашых шыротах тыпу будынкаў. Дуброўскі.

шырачэ́зны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Вельмі шырокі. Нёман ператварыўся ў шырачэзную, як акінуць вокам, рэчку. Пальчэўскі. Сінь у шырачэзных вокнах цэха пасвятлела, рассеялася. Хадкевіч. Марак красаваўся ў шырачэзным клёшы. Даніленка.

шырачэ́ць, ‑эе; незак.

Разм. Станавіцца, рабіцца больш шырокім.

шы́рма, ‑ы, ж.

1. Складная перасоўная перагародка, якая зроблена з абцягнутых тканінай ці паперай рам-створак. Бязлітасная да сябе, рашучая, Лёдзя надзела ў прыемнай, за шырмай, шэры мультановы халат. Карпаў. // Заслона, якая адгароджвае частку пакоя і выконвае ролю такой перагародкі. Ад шафы да сцяны была павешана рабенькая крамная шырма. Кулакоўскі. Толік спіць у калысцы, за шырмай. Брыль.

2. перан. Той, хто (або тое, што) служыць для прыкрыцця сапраўдных мэт, спраў, намераў і пад. Дзе бог, там і распуста, — Пад крыльцам божым бруд ямчэй хаваць. Святошы ўмеюць шырму святасці саткаць Даволі густа. Корбан. — Я сказаў «фікцыя», — паўтарыў Шынкевіч.. Больш правільна будзе — шырма, за якою схаваны факты. Паслядовіч. — Выходзіць, я ілгу! О не! Я вам не лялька для забавы, Я шырмай вашай бруднай справы Не стану!.. Заадно й мяне Звальняйце! Бачыла.

[Ням. Schirm.]

шыро́зны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Вельмі шырокі. У стэп шырозны Машыны гулкія пайшлі. Калачынскі. І сонца Вітае Шырозныя шумныя кроны, Дзе Свіслач малая Бруіцца З Лагойшчыны сонна. Дзеружынскі.

шыро́ка, прысл.

1. Прысл. да шырокі.

2. у знач. вык. Пра вялікую адлегласць да чаго‑н., працягласць куды‑н. — Я тут! — данёсся знізу глухі голас. — Тут сцежка... Шырокая! Во! Пяць крокаў.. Лезьце сюды смела... Тут шырока, я вам кажу... Самуйлёнак.

шырока... (а таксама тырана...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «шырокі» (у 1, 3, 5 і 6 знач.), напрыклад: шырокавяшчанне, шырокакалейны, шырокадаступны.

шырокавядо́мы, ‑ая, ‑ае.

Які мае шырокую вядомасць. Шырокавядомымі сталі крылатыя словы Багдановіча аб рэвалюцыі. Лойка.

шырокавяшча́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шырокавяшчання, прызначаны для шырокавяшчання. Шырокавяшчальная радыёстанцыя.

2. Іран. Шматслоўны, які заключае ў сабе шматлікія і разнастайныя абяцанні. Шырокавяшчальныя прамовы.

шырокавяшча́нне, ‑я, н.

Радыёперадачы, тэлепраграмы, якія разлічаны на шырокія колы слухачоў, гледачоў.