часно́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да часнаку, уласцівы яму. Часночны пах. Часночная галоўка. // Прыгатаваны з часнаку. Часночная прыправа.
часоваабавя́заны, ‑ая, ‑ае.
У выразе: часоваабавязаныя сяляне гл. селянін. / у знач. наз. часоваабавя́заны, ‑ага, м. Часоваабавязаныя, так называлі цяпер былых прыгонных, няспынна бунтавалі. Якімовіч.
часо́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць часовага. Пагранічнікі туліліся ў простых сялянскіх хатах.. Безумоўна, гэта было часова. Аднак, новы камандзір не хоча, каб гэтая часовасць цягнулася лішні дзень. Брыль.
часо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які цягнецца, існуе ці з’яўляецца сапраўдным на працягу пэўнага перыяду; проціл. пастаянны. Часовы ўрад. Часовая работа. □ Падышоўшы да самага доміка, Васіль заўважыў, што гэтая часовая збудова ўсё ж намнога большая за Сымонаву кузню. Кулакоўскі. // Непастаянны, які хутка праходзіць, мінае. У апавяданнях Коласа бунты не выходзяць за межы адной вёскі, згуртаванасць сялян бывае часовай, як настрой, а не сталай і прадуманай, як арганізацыя. У. Калеснік.
часо́піс, ‑а, м.
Перыядычнае выданне ў выглядзе кніжкі. Тэлеграмы, важныя пакеты, На якіх Сургучная пячаць, Свежыя часопісы, газеты Я прызначан людзям уручаць. Непачаловіч.
•••
Тоўсты часопіс — перыядычны (звычайна штомесячны) літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны часопіс значнага аб’ёму.
часо́пісны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да часопіса. Часопісны артыкул. Часопісны варыянт рамана. □ Прачытаўшы са старонку часопіснага тэксту, вы прыходзіце да думкі, што перад вамі твор не зусім звычайны. Шкраба. З’явіліся новыя імёны крытыкаў і гісторыкаў літаратуры, актывізавалася іх дзейнасць, галоўным чынам у галіне часопіснай крытыкі. Мушынскі.
частава́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. частаваць.
2. Ежа, пітво, якімі частуюць. Людзі самі назносілі ў хаты навасельцаў усякага частавання і спраўлялі гэты дзень, як свята. Краўчанка.
частава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.
1. Піць, есці, курыць тое, чым частуюць. Галя дастала з кішэні плашча невялічкі папяровы згортачак з цукеркамі, купленымі ў краме ў Сялібе, і аддала пляменніку — частуйся, ласун. Ермаловіч. [Глеб Іванавіч] прысеў да стала, дастаў пачак «Нёману», закурыў, прапанаваў гаспадару частавацца. Дуброўскі. // Есці з задавальненнем што‑н. смачнае; есці, піць кампаніяй. Падходзілі да Петраковай талеркі людзі і за падарункі гарэлачкай частаваліся. Гарэцкі. [Яўхім:] — Кланяліся яму [каменю], маліліся і нават у такія святы, як радаўніца, тройца, прыходзілі пад камень частавацца і, адыходзячы, пакідалі трохі ежы. Пестрак.
2. Зал. да частаваць.
частава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго.
Даваць або прапаноўваць паесці, папіць, пакурыць; карміць або паіць каго‑н., выказваючы ўвагу, гасціннасць. Маці частавала дачку, слухала яе і не магла надзівіцца. Грамовіч. Шпілеўскі, які дапамагаў разгружаць машыну, весела частаваў усіх папяросамі. Савіцкі. // перан. Разм. Рабіць каму‑н. што‑н. прыемнае. Мужчыны нашы днямі ўжо бачылі гэты спектакль, цяпер Цімох частаваў ім мяне, аднак рагаталі ўсе. Брыль. [Вышамірскі] хадзіў ад хаты да хаты і частаваў людзей паляўнічымі апавяданнямі. Бядуля. // перан. Разм. Біць таго, хто лезе не ў сваё. — Жывём, гасцей не клічам І ў госці не паўзём, Няпрошаных па лычу Частуем таўкачом. Лужанін. А потым аплявухамі як след [Янук] Зладзюгу частаваць узяўся. Корбан.
частако́л, ‑у, м.
Агароджа, плот, зроблены з калоў, паўбіваных блізка адзін каля аднаго. Сланечнік галаву цяжкую праз частакол прасунуў, грэецца — холад даймае патрошку. Барадулін. / Пра расліны, якія пасаджаны або растуць у адну прамую лінію, адна каля адной. Змрокам авіты бяроз частакол Вецер за вокнамі клоніць. А. Александровіч.