чалаве́ка-дзень, ‑дня, м.
Спец. Адзінка ўліку рабочага часу, якая вымяраецца колькасцю працы, выкананай адным чалавекам за рабочы дзень.
чалаве́цтва, ‑а, н.
Усе людзі планеты, чалавечы род, чалавечае грамадства. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла новую эру ў гісторыі чалавецтва. □ Чалавецтва прайшло вялікі шлях, і гэты шлях нас вучыць. Чорны. У 2000 годзе чалавецтву для задавальнення яго энергетычнай патрэбы неабходна будзе прыблізна 30×1010 тон паліва. «Маладосць». // з азначэннем. Вялікая колькасць людзей, частка чалавечага грамадства, аб’яднаная якой‑н., звычайна перадавой ідэяй. Прагрэсіўнае чалавецтва. Міралюбівае чалавецтва. □ Перадавое чалавецтва — Народы ўсіх акрас і моў Злучылі моцна сэрца з сэрцам. А. Александровіч.
чалаве́ча, клічная форма ад наз. «чалавек», м.
Разм. Ужываецца як ласкавы зварот да незнаёмага мужчыны. А неўзабаве [пасажыр] загаварыў да суседа: — Скажы, чалавеча, ты не з Дуплішча? Марціновіч. [Пан:] — Ты, чалавеча, хвацкі майстар, але такую штуку, відаць, не патрапіш зрабіць. «Маладосць».
чалаве́чак, ‑чка, м.
Памянш.-ласк. да чалавек (у 1 знач.). Потым [Віця] ўзяў дубец і намаляваў побач са сваёй школай чалавечка з вялікім партфелем. Каліна. / у пагард. ужыв. — Хітрыў, гад... Баяўся, каб мы не заўважылі яго адсутнасці раней, чым яму трэба было. Подленькі быў чалавечак. Машара. // Пра дзіця. Маленькі чалавечак, загорнуты ў прасцірадлы, захутаны ў кажух, ляжаў там, ляжаў нерухомы, бездапаможны. Лынькоў.
чалаве́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць чалавечнага; гуманнасць, чалавекалюбства. У чулых, клапатлівых адносінах да людзей, асабліва да дзяцей, праяўляўся вялікі гуманізм, вялікая чалавечнасць Уладзіміра Ільіча. «Полымя».
чалаве́чны, ‑ая, ‑ае.
Уважлівы, чулы, душэўны; гуманны. Калі гляджу на роднае аблічча, На востры зрок з-пад стомленых павек, — Вось-вось з граніту сыдзе просты, блізкі І самы чалавечны Чалавек! Звонак. [Насця:] Які вы добры, чалавечны! Даруйце мне мой тон. Колас. Купала сябраваў з Міровічам, ён яму вельмі падабаўся і як творца, і як чалавек з вясёлым, жывым характарам, вельмі чалавечным і добразычлівым. Рамановіч.
чалаве́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да чалавека (у 1 знач.), належыць яму. Чалавечыя рукі. Чалавечая постаць. □ Пачуўся голас чалавечы. Аж узняліся ў дзядзькі плечы, Ды каб схаваць, што ён спужаўся, Спакойна дзядзька адазваўся. Колас. Доктар знайшоў бабчыну сухую руку, пагладзіў. Часта чалавечымі словамі нельга сказаць таго, што скажаш маўчаннем. Скрыган. // Які складаецца з людзей. Чалавечае грамадства. □ І тут толькі заўважыла чалавечая грамада, што няма пастуха. Мурашка. // Які робіцца, здзяйсняецца чалавекам. Матэрыялістычнае вучэнне гісторыі з’явілася адзінай тэорыяй, якая правільна, навукова тлумачыць чалавечую гісторыю як працэс. «Весці». Усё адыходзіць у нябыт, астаюцца толькі плёны чалавечай працы. Карпаў.
2. Уласцівы, характэрны для чалавека. Чалавечая годнасць. Чалавечае шчасце. Чалавечыя слабасці. □ Пісьменніку ўдалося раскрыць варожую сутнасць кулацтва, паказаць звярыную псіхалогію ўласніка, які ў пагоні за нажывай страчвае чалавечае аблічча, становіцца ворагам працоўнага народа. Гіст. бел. сав. літ. І адчувае Алежка: вось-вось здарыцца цуд, загавораць між сабой на чалавечай мове лясныя жыхары, — і тады ўсе вялікія і важныя тайны адкрыюцца яму. Вышынскі. // Такі, як трэба; належны, добры. — Яно не кепска было б кіламетраў пяцьдзесят ад’ехацца, — раптам спыняецца Тарасюк. — Тады можна было б спакойна дзён колькі адлежацца, чалавечы выгляд набыць. С. Александровіч. Бавар Вейс знойдзе другую. І яна будзе працаваць у яго на чалавечых умовах. Ракітны.
3. Гуманны, чалавечны. Чалавечая, шчырая трывога пра невядомага чалавека балюча кранула Нічыпара. Асіпенка. Не ведаю, што робіцца са мной: Ад дабраты я плачу чалавечай, Заўсёды плачу ад спагады нечай — Не ведаю, што й робіцца са мной! Сіпакоў.
•••
Род чалавечы гл. род.
чалаве́чына, ‑ы.
Разм.
1. м. і ж. Тое, што і чалавек (у 1 знач.). — Ого бо, чалавечына! — не вытрымлівае, нарэшце, злуецца жонка, — не выспаўся небарака!.. Васілевіч. [Паддубны:] — Гэта, відаць, з вопытам чалавечына. Проста хочацца з ім пабачыцца. Пестрак.
2. ж. Мяса чалавека як ежа людаедаў і некаторых драпежных звяроў. Ваўкі кідаюцца цяпер на людзей — тыя, што пакаштавалі чалавечыны. Пташнікаў.
ча́ленне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. чаліць.
чале́снікі, ‑аў; адз. няма.
Уваходная выемка ў печы. [Дзед] падышоў да прыпечка, выняў з-пад чалеснікаў абсмаленую засланку. Бядуля. У хаце стол, накрыты абрусам, чыстая падлога, з чалеснікаў печы смачна пахне недаваранай стравай. Каваль.