Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узнача́львацца, ‑аецца; незак.

Зал. да узначальваць.

узнача́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узначаліць.

узненаві́дзець, ‑віджу, ‑відзіш, ‑відзіць; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і зненавідзець. [Лена] схавала гэтае пісьмо і ўсёю душою ўзненавідзела невядомую ёй Таню. Скрыган. Цаліна Фёдараўна ўзненавідзела тэлефон, які ў любую хвіліну падымаў з ложка яе мужа, адрываў яго ад сям’і. Паслядовіч.

узнепако́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад узнепакоіць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане трывогі, непакою; устрывожаны, усхваляваны. Узнепакоеная Волька напісала бацькаваму суседу, і той адказаў, што бацька памёр. Чорны. // Які выказвае трывогу, непакой. Пільным, крыху ўзнепакоеным позіркам агледзеў [Тодар] дворык. Вышынскі.

узнепако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; зак.

Разм. Прыйсці ў трывожны стан; устрывожыцца, усхвалявацца. — Трэба ісці, — раптам узнепакоілася Тэкля. Калюга.

узнепако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; зак., каго.

Разм. Выклікаць у кім‑н. трывогу, непакой; усхваляваць. Мне было незразумела.., чаму гэтыя на выгляд звычайныя птушкі так узнепакоілі маіх сябрукоў. Аляхновіч. // перан. Парушыць спакой; прывесці ў рух. [Ганна:] — Не, Антоне! Мае суседкі старэнькія, рана спаць кладуцца, Яшчэ ўзнепакоім. Дубоўка.

узнервава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць узнерваванага. Па бляску Рыгоравых вачэй, па ўзнерваванасці яго рухаў Люба адчула, што ён нечага хвалюецца. Краўчанка.

узнервава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад узнерваваць.

2. у знач. прым. Засмучаны, расхваляваны. Узнерваваны Крушынскі пералічыў грошы, схаваў у кішэню. Бядуля. // Які выказвае, выражае засмучэнне, усхваляванасць. Узнерваваны выгляд.

узнервава́цца, ‑нервуюся, ‑нервуешся, ‑нервуецца; зак.

Разм. Моцна ўсхвалявацца, разнервавацца. [Муж] аж падскочыў, узнерваваўся, але агледзеўся і супакоіў сябе думкай: «Не хапала, каб дома яшчэ нервы псаваць...» Кавалёў.

узнервава́ць, ‑нервую, ‑нервуеш, ‑нервуе; зак., каго.

Разм. Моцна ўсхваляваць, вывесці з раўнавагі. Саша і Аляксей міжвольна засмяяліся. Гэта яшчэ больш узнервавала Рабушку. Новікаў.