сядня́, ‑і, ж.
Разм. Сядзенне (звычайна пра такое, што цягнецца гадзінамі, днямі). Ные спіна ад доўгай сядні, шуміць галава ад грукату. Пташнікаў. [Несцяровіч] не хацеў сядзець, яму хацелася прайсці пехатой кіламетраў дваццаць, так анямелі ад дзённай сядні ногі. Чорны.
сядо́к, седака, м.
1. Коннік, верхавы. Грымнуў стрэл, і было ясна відаць, як сядок .. паляцеў потырч. Навуменка. Конік ішоў лёгка і жвава, хоць сядок быў яўна не па ім. Кулакоўскі. Конь асеў разам з седаком. Грахоўскі. // Пра матацыкліста, веласіпедыста. Некалькі матацыклістаў спрабавала раптоўна збочыць. Каляскі апісвалі ў паветры круты віраж і куляліся на брук разам з седакамі. Беразняк.
2. Той, хто едзе ў якой‑н. павозцы, санях, карэце (часам наймаючы вазака). Карэта рушыла. Сядок усміхнуўся, прыкрыў ногі .. і адхінуў фіранку са слюдзянога акенца. Караткевіч. Па дарозе ў Мінск і з Мінска камісіянеры бралі пасажыраў, або — як яны самі называлі — седакоў. Бядуля.
сяду́н, седуна, м.
Разм. Нерухавы, пасіўны, бяздзейны чалавек; дамасед. Жывуць там [у Назараўцы] шаўцы, краўцы, бондары ды цесляры — люд рамесны — сядзяць на месцы, іх за вуха з тае Назараўкі не выцягнеш. Таму і празвалі іх седунамі. Б. Стральцоў. А дзед кажа: — Я не сядун які-небудзь, каб дома ацірацца. Рылько.
сяду́ра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Абл. Нерухавы, пасіўны чалавек; маруда. Гэтае мясцовае слова «сядура», распаўсюджанае сярод насельніцтва Калінаўшчыны, Злобіч нярэдка ўжываў, калі гаварыў пра якога-небудзь чалавека-маруду. М. Ткачоў.
сяды́-тады́, прысл.
Часам, калі-нікалі, іншы раз, зрэдку. Машыны — грузавыя і легкавыя, — якія сяды-тады праляталі па вуліцы, ішлі за горад, у бок Чэрвеньскага рынку. Якімовіч.