сму́та, ‑ы, ДМ смуце, ж.
1. Уст. Мяцеж, паўстанне, беспарадак. А ў нядзелю ў царкве гарачае казанне казаў бацюшка, падымаючы рукі ўгору — пра смуту, пра Русь і пра веру ў госпада бога. Скрыган.
2. Душэўнае замяшанне, трывога, хваляванне. І тут ён [Антось] нават засмяецца, Каб цень развеяць тае смуты: — І трэба часам крыж пакуты Панесці, мілыя мае вы, Зазнаць і гора, неспадзевы! Колас.
•••
Сеяць смуту гл. сеяць.
сму́так, ‑тку, м.
Пачуццё суму, маркоты, жалю. Я за труной тваёй іду з жалобнай песняй. Глыбока ў сэрцы смутак свой нясу. А. Александровіч. Сяброўскае слова і жарты Адгоняць і смутак і жаль. Хведаровіч. Ідзеш па вуліцы, заходзіш у хаты, гутарыш з людзьмі і бачыш, як цячэ мірнае, працавітае жыццё, з поспехамі і няўдачамі, з радасцямі і часінамі смутку. Хадкевіч. // Журботны, сумны выраз (вачэй, твару, губ і пад.). Прыкметны смутак стаіўся ў .. карых вачах [Алесі]. Шамякін. На поўны твар .. [Зімчука] лёг смутак. Карпаў.
смуткава́нне, ‑я, н.
Стан таго (тых), хто смуткуе; жалоба. Усенароднае смуткаванне. Смуткаванне з прычыны смерці бацькі.
смуткава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
1. Гараваць з прычыны чыёй‑н. смерці. Мы б хацелі, Каб чулі яны [загінуўшыя героі], Як смуткуе радзіма над імі! Броўка.
2. Перажываць смутак; сумаваць, журыцца. Сохне і смуткуе хлопец лета, Неспакой, трывога на душы: — Разлюбіла? Не, не веру ў гэта, Шле лісты і просіць: — Адкажы. Прануза. // Засмучацца, бедаваць. Думаючы пра ўсё гэта, Васіль хоць і смуткаваў у душы, што Усцю не застаў дома.., аднак іншы раз адчуваў задавальненне. Кулакоўскі.
сму́тна,
1. Прысл. да смутны (у 1, 3 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць смутку, журбы. — Слова гонару, — скардзіўся.. [пан Чарнецкі] — мне смутна, бо з Ядвіськай прыйдзецца развітацца. Бядуля.
3. безас. у знач. вык. Трывожна, неспакойна. Але на сэрцы цяжка, смутна. Колас.
смутне́ць, ‑ее; незак.
Рабіцца, станавіцца больш смутным. — Быў адзін чалавек, — смутнее голас Канстанціна Міхайлавіча, — ды загінуў недзе ў завейных краях. Лужанін.
сму́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адчувае смутак; маркотны, сумны (пра чалавека). Матрона, смутная, пастаяла трохі, покі не схавалася фігура Івана за выступам яру, куды павярнула дарога, а потым пайшла на свой агарод збіраць зелле. Колас. Хлопцы смутныя: загінуў атаман. Дзяргай. // Які выражае смутак; выкліканы смуткам, журбою. Смутныя вочы. Смутная ўсмешка. // Поўны смутку, журбы. Годзе кіснуць, марнець, Песні смутныя пець, — Ладзіць новую час гаспадарку! Купала. // Бязрадасны, які навявае сум. Блізка, блізка восень, Смутная часіна! Колас. Шэры, смутны, павісаў над полем вечар. Навуменка. У кватэры, дзе ўсё лета панаваў смутны, нежылы парадак, адразу сярдзіта загуў пыласос. Карпаў.
2. Поўны беспарадку; мяцежны. Смутныя часы.
3. Разм. Невыразны, няпэўны. [Астапа] не пакідала смутная трывога. Была яна нейкай глухой, невыразнай. Лынькоў. У Язэпа пацямнела ў вачах. Адразу ж прыгадаліся размовы ў Іванёнкаў — смутныя, няясныя, з недагаворкамі. Асіпенка.
смуці́цца, смучуся, смуцішся, смуціцца; незак.
Тое, што і смуткаваць (у 2 знач.). [Бабка:] — Ну, як жа, паненачка: ён смуціцца будзе, што вы паехалі і не развіталіся з ім. Колас.
сму́шак, ‑шка, м.
Шкурка, знятая з нованароджанага ягняці, а таксама футра са шкурай такога ягняці.
сму́шкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да смушка. Смушкавая авечкагадоўля. Смушкавыя пароды авечак. // Зроблены са смушка. Смушкавая шапка.