сму́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адчувае смутак; маркотны, сумны (пра чалавека). Матрона, смутная, пастаяла трохі, покі не схавалася фігура Івана за выступам яру, куды павярнула дарога, а потым пайшла на свой агарод збіраць зелле. Колас. Хлопцы смутныя: загінуў атаман. Дзяргай. // Які выражае смутак; выкліканы смуткам, журбою. Смутныя вочы. Смутная ўсмешка. // Поўны смутку, журбы. Годзе кіснуць, марнець, Песні смутныя пець, — Ладзіць новую час гаспадарку! Купала. // Бязрадасны, які навявае сум. Блізка, блізка восень, Смутная часіна! Колас. Шэры, смутны, павісаў над полем вечар. Навуменка. У кватэры, дзе ўсё лета панаваў смутны, нежылы парадак, адразу сярдзіта загуў пыласос. Карпаў.
2. Поўны беспарадку; мяцежны. Смутныя часы.
3. Разм. Невыразны, няпэўны. [Астапа] не пакідала смутная трывога. Была яна нейкай глухой, невыразнай. Лынькоў. У Язэпа пацямнела ў вачах. Адразу ж прыгадаліся размовы ў Іванёнкаў — смутныя, няясныя, з недагаворкамі. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)