Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сваво́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Гарэзлівы, дураслівы, гуллівы. І дарма, што на першы погляд яна [Кася] здавалася свавольным дзіцем, слова маткі было для яе святым законам. Васілевіч. У сцэне з Якімам Сарокам Паўлінка — Караткевіч пяшчотная, свавольная, гарэзлівая, наіўная і разумная. «ЛіМ». / у перан. ужыв. Ветрык свавольны пранёсся, Долу нагнуўшы калоссе... Лойка. // Вальнадумны, мяцежны. За смерць мяцежных і свавольных, за смерць дзяўчат і юнакоў дакляравалі каты волю — за блізкіх кроў, за родных кроў!.. Дудар.

2. Схільны да свавольства; упарты, неслух. Поп, вядома, мог бы пакараць Андрэя, але ён сам меў столькі грахоў, што пабаяўся крануць гэтага свавольнага шляхцюка. Чарнышэвіч. // Які выражае свавольства, сведчыць пра яго. Кавалёва бачыла, як ружавелі твары дзяўчат, як загараліся свавольным агнём вочы хлопцаў. Дуброўскі. Людзі свавольнай натуры з яго [Астаповіча] нават смяяцца пачалі. Чорны.

сваво́льства, ‑а, н.

1. Гарэзлівасць, дураслівасць, гуллівасць. У словах [Ірынкі] прабіваюцца ноты дзіцячага свавольства, якое пры іншых умовах і ў іншы момант вылілася б у дурную весялосць. Чорны. Сцёпа лічыў сябе чалавекам сур’ёзным і ніякіх свавольстваў не паважаў. Якімовіч.

2. Свавольныя ўчынкі, паводзіны, якія часам парушаюць прынятыя нормы, правілы. Карціна свавольства паноў, якая кожнага балюча кранае за сэрца, узноўлена рэалістычнымі беларускімі фарбамі. Палітыка. Ён ведаў, што яе [Люды] дзявочая ўпартасць прымушае даводзіць да канца задуманае свавольства. Пташнікаў.

сва́ечны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да свайкі. Сваечнае кольца.

сва́йка, ‑і, ДМ свайцы; Р мн. сваек; ж.

1. Руская народная гульня, якая заключаецца ў тым, што вялікі тоўсты цвік кідаецца ў ляжачае на зямлі кольца, а таксама цвік для гэтай гульні. Гуляць у свайку.

2. У такелажнай справе — завостраны стрыжань, які служыць для рассоўвання пасмаў троса і іншых работ. Драўляная свайка. Жалезная свайка.

3. У рачным флоце — завостранае з аднаго канца бервяно, якое служыць рычагом пры зняцці судна з мелі.

сва́йнік, ‑а, м.

Назва некаторых круглых чарвякоў, якія паразітуюць у розных органах пазваночных жывёл.

свалата́, ‑ы, ДМ ‑лаце, ж.

1. зб. Разм. груб. Тое, што і сволач (у 2 знач.). Уся свалата, усе трутні свету, пра якіх некалі гаварыў яму [Арлоўскаму] бальшавік Анісімаў, лезлі са скуры, каб зноў аднавіць стары лад. Паслядовіч. Так, добрых людзей багата, але свалаты таксама хапае. Навуменка.

2. Тое, што і сволач (у 1 знач.). — За кадзетаў, свалата, цягне! Няма чаго слухаць. — Кандрат павярнуўся, каб ісці. Лобан. [Рабочы:] Іш, свалата! Каб прыкруціў Цябе да рэйкі галавой цяпер... Клімковіч.

свалачны́, ‑ая, ‑ое.

Разм. груб. Подлы, агідны.

сван,

гл. сваны.

сва́нка,

гл. сваны.

сва́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сванаў, які належыць, уласцівы ім. Сванскі аул. Сванская мова.