Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пілігры́м, ‑а, м.

Кніжн. уст. Паломнік, вандроўны багамолец. // перан. Вандроўнік, падарожны. Прыпылены пілігрым стаіць ля чужога парога. І ніхто не пазнае яго. Нават яна. І ніхто не ведае, што тут разбіта ягонае сэрца. М. Стральцоў.

[Ад лац. peregrinus — чужаземец.]

пілігры́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Кніжн. Уст. Жан. да пілігрым.

пілігры́мскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пілігрыма.

пілі́канне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пілікаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

пілі́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

Разм. Дрэнна, няўмела іграць на якім‑н. інструменце. [У карчме] у суботу, нядзелю і на свята пілікалі на скрыпках тутэйшыя не вельмі самавітыя музыкі Драбда і Шабас. С. Александровіч. // Абзывацца пісклівымі працяжнымі гукамі (аб музычных інструментах, пераважна смычковых). Дзесь у канцы вуліцы пілікала скрыпка, там жа чуўся радасны смех дзяўчат і іх крык і піск. Колас. // Абзывацца аднастайнымі прарэзлівымі гукамі (пра птушак і насякомых). У куточку за лавай пілікаў цвыркун, яго песня была аднастайная і роўная. Краўчанка.

пілі́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да пілікаць.

пілі́паўка, ‑і, ДМ ‑паўцы, ж.

Уст. Пост перад калядамі. Калядныя куцці, як вядома, дзве: адна посная, другая — скаромная, або багатая. Посная куцця.. спраўлялася ў канцы піліпаўкі, перад самымі калядамі. Якімовіч. // Адпаведны час перад калядамі. На купалле там птушка садзіцца, пяе, У піліпаўку воўк нема вые. Купала. «Ваўкі нападаюць на чалавека, калі гуляюць сваё вяселле. А цяпер жа не піліпаўка, павінны збаяцца чалавека», — стараўся разважаць спакойна Сяргей. Шахавец.

пі́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Маленькая ручная піла. Крыху далей шастала пілка і адлічваліся гулкія ўдары сякер. Гартны.

піло́вачны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Прызначаны для распілоўкі. Піловачная драўніна. Піловачны матэрыял.

піло́н, ‑а, м.

Масіўная, часцей за ўсё прамавугольная калона, якая падтрымлівае аркі, скляпенні, афармляе па баках уваходы ў паркі, на масты і пад. З таго боку, дзе быў парадны пад’езд, яшчэ захаваліся чатыры пілоны з закручанымі капітэлямі. Чыгрынаў.

[Грэч. pylōn — вароты.]