про́залаць, ‑і, ж.
Залацісты прасвет, залацісты адліў у афарбоўцы. Пабліскваў прозалаццю правы пагон, быццам прышыты да пляча. Пестрак. У ярка-зялёны лісцяны ўбор гаёў прабралася першая прозалаць. Хадкевіч. Серабрыстая нітка — Павуціна плыве. Нехта прозалаць выткаў Па зялёнай канве. Іверс.
про́звішча, ‑а, н.
Найменне, агульнае для ўсёй сям’і, якое дзеці атрымліваюць звычайна па бацьку, а жонка па мужу. Запісаць прозвішча. Назваць сваё прозвішча. □ — Дазвольце быць знаёмым з вамі. Маё прозвішча — Шулевіч. Колас. Апошнім чытаў вершы сціплы на выгляд хлопец па прозвішчу Заранік. Хадкевіч.
про́зелень, ‑і, ж.
Зялёны прасвет, зялёны адліў у афарбоўцы. [Міканор] рынуўся ў рудую з прозеленню твань — уехаў аж па грудзі. Мележ. Было ціха, і ўзгоркі выглядалі вялізнымі светла-жоўтымі, з бледнай прозеленню, хвалямі, якія ўзняліся ў час шторму ды так і застылі. Хадкевіч. Глянеш на прозалаць сонца, Глянеш на прозелень ніў — Шлеш пацалунак сасонцы, Нізкі паклон — шырыні. Іверс.
про́йгрыш, ‑у, м.
1. Страта ў гульні; становішча, якое склалася ў выніку няўдачнага канца гульні. Пройгрыш у шахматнай гульні. // Няўдачны вынік, паражэнне (у якой‑н. справе, спрэчцы і пад.). Злосць забірае Аксёна. Перад яго вачамі ўстаюць суды, доўгая цяганіна з панам Скірмунтам і пройгрыш справы па ўсіх інстанцыях. Колас.
2. Тое, што прайграна. Вялікі грашовы пройгрыш.
3. Няўдача, нявыгада. Апынуцца ў пройгрышы. □ [Сцёпка:] — Правільна кажаш, Атрымалі б выйгрыш у часе, але пройгрыш у сіле... Гамолка. Адзіны пройгрыш мой, і немалы — не здолеў я прываражыць Ірыну. Зарыцкі.
про́йгрышны, ‑ая, ‑ае.
Неспрыяльны, які вядзе да пройгрышу. Пройгрышны ход. Пройгрышнае становішча.
про́йдзены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад прайсці.
2. у знач. прым. Які застаўся ззаду; пераадолены. Пройдзеныя кіламетры. □ — Тое, што ўчора было наватарствам, крокам наперад, сёння ўжо стала пройдзеным этапам. Васілёнак. // у знач. наз. про́йдзенае, ‑ага, н. Тое, што пераадолена, засталося ззаду. Замкнуліся глыбокія пласты над пройдзеным. Пысін.
3. у знач. прым. Вывучаны, выкладзены. Вучні паўтаралі пройдзеныя правілы, успаміналі правапіс цяжкіх слоў. Шыловіч. // у знач. наз. про́йдзенае, ‑ага, н. Тое, што ўжо вывучалася, выкладалася. Паўтараць пройдзенае.
про́йма 1, ‑ы, ж.
1. Адтуліна, праход, паглыбленне ў чым‑н., паміж чым‑н. У хаце шарганула засаўка, дзверы крыху адчыніліся, і ў вузкую пройму высунулася галава. Мележ. У проймах паміж хмарамі .. паказаліся сурова і халодна белыя горы Грэнландыі. Брыль.
2. Выраз у адзежы для рукі, рукава. Рукаў з падоўжанай проймай.
про́йма 2, ‑ы, ж.
Абл. Скразняк, скразны вецер. Раптоўна грукнулі дзверы, страшэнная пройма пацягнула да печы. Караткевіч.
про́ламка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
Разм. Адтуліна, прасечаная, праламаная ў лёдзе ракі, возера і пад.; палонка. Ля берага, у вялікай проламцы, гойдаліся паціху дашчаная лодка, пашпакляваная і прасмоленая. Чыгрынаў.
про́лежні, ‑яў; адз. пролежань, ‑жня, м.
Амярцвенне скурных тканак цела ў выніку доўгага і нерухомага ляжання. У Рамана і на плячах і на сцегняках пролежні.. Варочаюць з боку на бок, мажуць спіртам. Пташнікаў.
про́лівень, ‑ліўня, м.
Разм. Моцны дождж; лівень. А на дварэ навальніца ды пролівень. Барашка. Не верыцца, што яшчэ нядаўна быў такі пролівень. В. Вольскі.