про́йма 1, ‑ы, ж.

1. Адтуліна, праход, паглыбленне ў чым‑н., паміж чым‑н. У хаце шарганула засаўка, дзверы крыху адчыніліся, і ў вузкую пройму высунулася галава. Мележ. У проймах паміж хмарамі .. паказаліся сурова і халодна белыя горы Грэнландыі. Брыль.

2. Выраз у адзежы для рукі, рукава. Рукаў з падоўжанай проймай.

про́йма 2, ‑ы, ж.

Абл. Скразняк, скразны вецер. Раптоўна грукнулі дзверы, страшэнная пройма пацягнула да печы. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)