пло́йка, ‑і, ДМ плойцы; Р мн. плоек; ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. плоіць.
2. Шчыпцы, якімі што‑н. плояць. Перагрэтая плойка паліла валасы. Васілевіч.
3. Прычоска, зробленая такімі шчыпцамі. У некаторых былі прычоскі «конскі хвост», плойкі пад кацялок. Грамовіч. // Роўныя складкі, зробленыя такімі шчыпцамі (на тканіне, адзежы і пад.).
пло́йма, ‑ы, ж.
Разм. Вельмі вялікая колькасць, мноства (аб жывых істотах). З балота несла ў сяло вільгаць і наганяла плоймы камароў і мошак. Мурашка. У гэтую часіну партызаны заўважылі, што за ўцекачом гоніцца цэлая плойма салдат. М. Ткачоў.
пло́мба, ‑ы, ж.
1. Кавалак свінцу або якога‑н. пластычнага матэрыялу з адціснутым кляймом ці пячаццю, які прывешваецца да розных прадметаў, прыбораў, дзвярэй памяшканняў, вагонаў і пад. як забаронны знак. — Не будзем доўга гадаць, а самі паглядзім, што там такое, — сказаў начальнік вакзала і сарваў з дзвярэй вагона пломбу. Сяргейчык.
2. Кавалачак цвёрдага рэчыва, якім закладваецца дупло сапсаванага зуба. Цэментная пломба.
[Ад лац. plumbum — свінец.]
пло́мбавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пломбы.
пло́скасны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да плоскасці (у 2 знач.).
плоскаступнёвасць, ‑і, ж.
Фізічны недахоп нагі, які заключаецца ва ўтварэнні пляскатай ступні.
пло́скасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць плоскага.
2. Роўная, гладкая паверхня. // У геаметрыі — паверхня, якая мае толькі два вымярэнні і характарызуецца тым, што прамая лінія, праведзеная паміж любымі дзвюма кропкамі яе, поўнасцю сальецца з гэтай паверхняй.
3. перан. Пэўны погляд на рэчы, адносіны; пункт погляду, падыходу. Пытанне, па сутнасці, магло ставіцца ў дзвюх розных плоскасцях: ёсць ці няма наогул пралетарскай літаратуры. Перкін.
4. Спец. Крыло самалёта. [Ярохін] залез пад самалёт і, хаваючыся ад дажджу пад яго плоскасцямі, пачаў капаць нажом зямлю. Шамякін.
плоскашліфава́льны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для плоскай шліфоўкі. Плоскашліфавальны станок.
пло́скі, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае ўпадзін і ўзвышшаў; з роўнай паверхняй. Направа — плоскія ўзгор’і, адзінокія скалы, яры між імі. Самуйлёнак. Наперадзе паказаліся будынкі з плоскімі дахамі, белыя, вясёлыя. Алешка. // Без звычайнай выпукласці, пляскаты. Нядобрая ўсмешка ўсё не сыходзіла з плоскага, пакляванага Міканоравага твару. Мележ. // Не круглы, сплюшчаны. Арцём, адпачыўшы, бярэцца за работу. Аполак у яго ўжо гатовы. Плоскім цяслярным алоўкам ён размячае яго на кавалкі. Ракітны.
2. Пазбаўлены арыгінальнасці; банальны, пошлы. Плоскія жарты. □ Гутарка, зразумела, ідзе не пра той абавязковы, наперад зададзены «казённы» аптымізм «бурапены» ці плоскай і павярхоўнай адналінейнасці. Бугаёў.
плот, ‑а, М плоце, м.
Агароджа вакол чаго‑н. Вось і ферма. Дзве доўгія будыніны і адгароджаны плотам двор. Марціновіч.
•••
Жывы плот — густа пасаджаныя дрэвы або кусты, якія ўтвараюць агароджу.
Плот гарадзіць гл. гарадзіць.