Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мужазабо́йства, ‑а, н.

Забойства жонкай свайго мужа.

мужазабо́йца, ‑ы, ж.

Жанчына, якая забіла свайго мужа.

му́жаў, ‑ава.

Які мае адносіны да мужа, які належыць мужу (у 1 знач.). Ля парога стаялі дзве маладзіцы: адна ў кажуху, другая ў доўгай, відаць, у мужавай суконнай світцы. С. Александровіч.

мужа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Праяўляць стойкасць, мужнасць у цяжкіх абставінах. Мужайцеся, браты! Знішчайце да канца Змяіных вырадкаў, патомкаў інквізіцый. А. Александровіч.

му́жнасць, ‑і, ж.

Рыса характару чалавека, у якой спалучаюцца храбрасць, рашучасць, вытрымка. Міхаль Рожка быў добры і шчыры хлопец, але ў яго іншы раз не хапала мужнасці і цвёрдасці. Чарнышэвіч. // Адвага, смеласць. Сакратар ЦК КП(б) Беларусі Панцеляймон Кандрацьевіч Панамарэнка ад імя партыі і ўрада віншаваў налібоцкіх партызан і дзякаваў за мужнасць, праяўленую ў жорсткіх баях. Брыль.

мужне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Дасягаць поўнага фізічнага развіцця; рабіцца дарослым, сталым. На той гары шумлівая дзятва .. расла, мужнела. Ваданосаў.

2. перан. Накапляць сілы; развівацца. Расло і мужнела ў барацьбе камсамольскае падполле. □ Добрая палова выкладчыкаў была тут калісьці студэнтамі, разам з універсітэтам станавілася на ногі і мужнела. Шахавец.

му́жны, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца мужнасцю. Арлы маладыя, Я вас пазнаю, бясстрашных і мужных У грозным баю. Колас. Няхай грыміць па белым свеце слава Пра шчасце мірнае, пра Новы год, Пра родную савецкую дзяржаву, Пра мужны і нязломны наш народ. Астрэйка. // Які выражае мужнасць, сілу. Мужны твар. □ Простыя, задушэўныя і шчырыя радкі, поўныя смутку і жальбы, змяніліся мужнымі і гнеўнымі словамі, у якіх бурліла нянавісць да прыгнятальнікаў. С. Александровіч.

мужчы́на, ‑ы, м.

1. Асоба, процілеглая жанчыне па полу. Пара людзей — мужчына і жанчына — неўзабаве адсталі і павярнулі назад. Чорны. У сям’і павага ў нас мужчынам! Дзед тапіў дзянікінцаў у Доне, Бацька ўзводзіў горад на Амуры, Брат старэйшы штурмаваў Берлін. Гілевіч. // Асоба гэтага полу, якая вызначаецца мужнасцю. [Таццяна:] — Будзьце мужчынам. Не да твару камандзіру гаварыць такое. Пальчэўскі.

2. Дарослы чалавек мужчынскага полу ў адрозненне ад юнака, хлопчыка. Па хатах збіралася моладзь, мужчыны. Брыль.

мужчы́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мужчыны. Мужчынская работа. // Прызначаны для мужчын. Спачатку ў мужчынскай зямлянцы было дзікавата. Брыль. // Уласцівы мужчыне; такі, як у мужчыны. За суседняй сцяною .. загаманілі мужчынскія галасы. Мурашка. Не выпускаючы .. [Людзінай] маленькай гарачай рукі са сваёй мужчынскай, дужай, Аржанец усміхнуўся на гэты раз трохі збянтэжана. Брыль.

2. Спец. Які мае адносіны да мужчынскага полу, характарызуе мужчынскі пол (пра расліны). Мужчынскае суквецце. □ Усе вядомыя нам дрэвы пірамідальнага топаля — гэта мужчынскія экземпляры. «Беларусь».

•••

Мужчынская рыфма гл. рыфма.

Мужчынскі род гл. род.

мужы́к, ‑а, м.

1. Уст. Селянін.

2. Уст., лаянк. Аб грубым, нявыхаваным чалавеку.

3. Разм. Муж. [Зелянюк:] — Як маешся, Таццяна? Не думаеш яшчэ назад да мужыка вярнуцца? Зарэцкі.