Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мудрава́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. мудраваць.

мудрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Разм.

1. над чым і без дап. Рабіць што‑н. складанае, незвычайнае; прыдумваць што‑н. Два гады Анатоль мудраваў над разцамі, заходзіў у тупік і зноў, як апантаны, браўся за новае. Асіпенка. Трое хлапчукоў-падлеткаў мудравалі над вялікай і прыгожай мадэллю самалёта. Ракітны.

2. Залішне ўскладняць якую‑н. справу. Ганька за сталом доўга не мудруе. Раз-раз алюмініевай лыжкай .. — і неўзабаве па ўсёй поліўцы. А затым і па кашы! Васілевіч. // Хітрыць. — Мудруеш, ты Язэп, — гаворыць нарэшце [Максімка]. Не, не мудруе Язэп.. Не жыў бы ён у тым доміку фінскім. Не прывык бы. Хадановіч.

мудраге́лістасць, ‑і, ж.

Разм. Якасць мудрагелістага.

мудраге́лісты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Цяжкі, для разумення, выканання; складаны. Мудрагелістая задача. □ Косцік ужо ведаў, што настаўнік любіць гадаваць мудрагелістыя пытанні. С. Александровіч.

2. Замыславаты, вычварны. Хлопцы заўважылі там [у мяшку] тоўсты пэндзаль, нейкія гумавыя валікі з мудрагелістымі ўзорамі, выразанымі на іх. Нядзведскі. Сівы мох густа абляпіў .. ствалы дрэў, мудрагелістымі карункамі звісае з галін. Кандрусевіч. Міма, выпісваючы мудрагелістыя васьмёркі, з грукатам пралятае на мотаролеры суседскі хлопец. Гарбук.

мудраге́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., над чым і без дап.

Разм. Тое, што і мудраваць (у 2 знач.). [Дзед:] — Справа наша простая. Мудрагеліць тут няма чаго. Якімовіч. Нехта крыкнуў сакратару: — Не мудрагель, а гавары што трэба. Галавач.

мудраге́ль, ‑я, м.

Разм. Той, хто мудрагеліць, хітруе. — О, бач, мой сынок, мудрагель які стаў! Задачу нялёгкую ты мне задаў... Чарнушэвіч.

мудраге́льны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і мудрагелісты.

мудраге́льства, ‑а, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. мудрагеліць. // Што‑н. мудрагельнае, вельмі замыславатае. Навошта ўскладняць фразы, падаючы ім канцылярскае і бюракратычнае мудрагельства? Скрыган.

мудра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Ядавітая травяністая расліна сямейства лілейных з паўзучым карэнішчам і жаўтавата-зялёнымі кветкамі.

му́драсць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і якасць мудрага (у 1, 2 знач.). Народная мудрасць. Жыццёвая мудрасць. □ Кніга — казачны скарб чалавечай мудрасці. «Звязда». [Бобрык:] — За касільна трымацца мудрасці вялікай не трэба. Дуброўскі.

2. Мудрыя думкі, выказванні, жыццёвы вопыт. Кажуць людзі: «Гады — не пуды». Гэтай мудрасці я не пярэчу. Прануза.

3. Разм. Што‑н. складанае, цяжкае для разумення. [Якаў] прыглядаўся да [дарожных] знакаў, стараўся ўспомніць усю гэту мудрасць — некалі ж вучыў. Кулакоўскі.

•••

Зуб мудрасці гл. зуб.