мус, мусу, м.
Салодкая ежа з узбітай фруктовай або ягаднай масы з маннымі крупамі або жэлацінам.
[Фр. mousse, ад mouser — пеніцца.]
му́сібыць, пабочн.
Разм. Відаць. [Бабка:] — Усе туды ходзяць, а .. [Лабановіч] не. Мусібыць, каля вас яму мілей. Колас. [К. Чорны] хутка нахіліўся да суседзяў па другі бок стала і нешта заўважыў, мусібыць смешнае, бо яны зарагаталі. Лужанін.
мусі́раванне, ‑я, н.
Спец. і кніжн. Дзеянне паводле знач. дзеясл. мусіраваць.
мусі́равацца, ‑руецца; незак.
1. Спец. Падвяргацца мусіраванню.
2. Зал. да мусіраваць (у 1, 3 знач.).
мусі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. што. Спец. Узбіваць пену, прымушаць што‑н. пеніцца.
2. Спец. Іскрыцца, пеніцца (пра напіткі).
3. перан.; што. Кніжн. Перавялічваць, раздуваць значэнне чаго‑н.
[Ад фр. mousser — пеніцца.]
му́сіць, мушу, мусіш, мусіць; незак.
1. Падлягаць прымусу, быць прыняволеным да чаго‑н., не маючы магчымасці зрабіць інакш. Тысячы маўклівых і суровых сыноў Палесся супроць сваёй волі і жадання мусілі пад аховаю польскай ваеншчыны ісці ў глыбокія тылы для фарм[ір]авання новых часцей, на папаўненне войск на фронце. Колас.
2. Быць абавязаным зрабіць што‑н. Таварышы падтрымалі свайго старэйшага, і Прохар мусіў падпарадкавацца. Новікаў. [Лакота:] — Па-баявому, па-ваеннаму так.. Калі ты атрымаў няправільны, на твой погляд, баявы загад, ты мусіш перш яго выканаць, а потым абскардзіць... Зарэцкі. Назаўжды цябе забыць я мушу — Ты ж, прашу, забудзь мяне навек. Непачаловіч.
3. у форме інф., у знач. пабочн. Мабыць, напэўна, відаць; магчыма. На свеце, мусіць, нічога няма мацнейшага за прывычку. Баранавых. Чыгунка, што перасякае галоўную вуліцу, мусіць, пройдзе пад ёй або пераступіць цераз яе па віядуку. Карпаў. Васілёк замаўчаў.. Мусіць, думаць пачаў, Чаго вецер шуміць. Колас.
муска́т, ‑у, М ‑каце, м.
1. Насенне мускатніку, мускатны арэх.
2. Сорт вінаграду з духмянымі ягадамі. А колькі на рынку пахучае дыні, Інжыру, айвы і мускату мядовага! Арочка.
3. Дэсертнае віно з гэтага вінаграду.
[Фр. muscat, ад лац. muscatus.]
муска́тнік, ‑а, м.
Вечназялёнае трапічнае дрэва з мясістымі жоўтымі пладамі, у якіх знаходзіцца насенне — мускатны арэх.
муска́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мускату, уласцівы яму. Мускатнае дрэва. Мускатны пах. // Які здабываецца, вырабляецца з мускату (у 1, 2 знач.). Мускатны алей. Мускатнае віно.
•••
Мускатны арэх гл. арэх (у 1 знач.).
мускатэ́ль, ‑ю, м.
1. Сорт вінаграду з духмянымі ягадамі; вінаград гэтага сорту.
2. Сорт салодкага віна з мускатнага вінаграду; віно гэтага сорту.
[Іт. muscatello.]