му́чанік, ‑а, м.
1. Той, хто перанёс ці пераносіць якія‑н. мукі. [Марыля:] Здаровы, хлопчыкі, здаровы, мучанікі нашы, малайцы адважных. Колас.
2. У хрысціян — кананізаваны царквой святы, які перанёс цяжкія мукі за веру. Святыя мучанікі.
муча́нік, ‑а, м.
Народная назва талакнянкі.
му́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад мучыць.
мучні́сты, ‑ая, ‑ае.
Падобны чым‑н. на муку. Мучністы пыл.
•••
Мучністая раса гл. раса.
мучны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да мукі, прызначаны для мукі. Вось ужо апошняя прама, крама мучная, а далей пойдуць хаты земляробаў. Пестрак.
2. Прыгатаваны з мукі. Мучны клей. // у знач. наз. мучно́е, ‑ога, н. Ежа з мукі.
мучы́ца, ‑ы, ж.
Разм. Памянш.-ласк. да мука.
мучы́цель, ‑я, м.
Той, хто мучыць каго‑н. Праз крывавы туман .. [Валодзя] назіраў за раз’юшанымі тварамі сваіх мучыцеляў і адчуваў да іх глыбокую нянавісць і пагарду. Пятніцкі.
мучы́целька, ‑і, ДМ ‑льны; Р мн. ‑лек; ж.
Разм. Жан. да мучыцель.
му́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.
1. Цярпець мукі; пакутаваць. — Страляй!.. Страляй!.. Толькі разам з дзеткамі, каб не мучыліся ў лапах вашых!.. — не ўнімалася Марыля. Нікановіч. [Сабіна:] — Гэта ж праз вас я мучуся, жывучы з нялюбым, праз вас не ведаю шчасця... Сачанка. // чым. Пакутаваць ад якой‑н. хваробы, болю. Мучыцца жыватом. // чым. Вельмі непакоіцца, перажываць, клапоцячыся аб кім‑, чым‑н. Мучыцца ж бедны думкай штодзённай, Каб голад са свету не звёў. Купала.
2. Разм. Рабіць што‑н. з вялікім намаганнем, без асаблівага поспеху. Дзве гадзіны мучыліся.. [хлопцы] і знялі [з барсука] не скуру, а нейкія лахманы. Маўр.