Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мо́дніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да моднік.

мо́днічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Прытрымлівацца моды; франціць.

мо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены па модзе, адпаведна з модай. Модны капялюш. □ Сіняе паліто з чорным коцікавым каўняром было моднае, шчыльна аблягала .. [Ірыніну] постаць. Чорны. Бант быў чорны, а па чорнаму — чырвоныя і белыя гарошыны, вельмі модны бант. Мікуліч.

2. Які прытрымліваецца моды, ідзе за модай. Перад.. [Алесем] стаяў Кібрык. У светлым касцюме, вясенні, модны. Шыцік.

3. Які мае адносіны да моды (у 2 знач.).

4. Які карыстаецца папулярнасцю, агульным прызнаннем у гэты перыяд. Модны пісьменнік. Модны раманс. □ Кібрык сеў за піяніна, узяў акорд з моднай песенькі. Шыцік.

мо́дуль, ‑я, м.

1. У тэхніцы — назва некаторых каэфіцыентаў. Модуль пругкасці.

2. У матэматыцы — лік, на які трэба памножыць лагарыфм адной сістэмы, каб атрымаць лагарыфм другой сістэмы.

3. У будаўнічай справе і архітэктуры — умоўная адзінка даўжыні, якая ўжываецца для каардынацыі памераў будоў, збудаванняў і іх частак.

[Фр. module, ад лац. modulus — мера.]

мо́дульны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да модуля.

мо́дус, ‑а, м.

1. У логіцы — разнавіднасць сілагізму.

2. У філасофіі 17–18 стст. — мінучы стан або мінучая ўласцівасць матэрыі.

3. Кніжн. Спосаб чаго‑н. Модус пагаднення. Модус прадстаўніцтва.

•••

Модус вівендзі — умовы, якія робяць магчымым хоць часовае пагадненне паміж двума варожымі бакамі (лац. modus vivendi — спосаб існавання, жыцця).

[Лац. modus — мера; спосаб; від.]

мо́жа,

1. гл. магчы.

2. У пытальных сказах надае пытанню адценне просьбы, змякчае яго катэгарычнасць. — Шпалеркі свежыя паклалі. — Кучук павёў рукою. — Можа толькі пад густ не ўладзілі? Лобан.

3. у знач. пабочн. Можа быць, магчыма. — Ты б, можа, з’еў чаго, сынок? — запытала Цімошку матка. Колас. — У цябе, можа, шнур які знойдзецца? — запытаўся.. [Канькоў], не паварочваючыся да Даміры. Асіпенка.

мо́жна, безас. у знач. вык.

1. з інф. Ёсць магчымасць. Цяпер .. [дзікоў] можна разгледзець і без бінокля. В. Вольскі.

2. Дазваляецца. Услаўляў і слаўлю я Час наш пераможны. А чаму пра салаўя Мне пісаць не можна? Бялевіч.

•••

Жыць можна гл. жыць.

Пасаліўшы, есці можна гл. есці.

Можна сказаць гл. сказаць.

мозг, ‑а і ‑у; мн. мазгі, ‑оў; м.

1. ‑а. Цэнтральны аддзел нервовай сістэмы жывёл і чалавека ў выглядзе рэчыва, якое запаўняе сабой чэрап і канал пазваночніка. Галаўны мозг. Спінны мозг. // Орган мышлення ў чалавека. Свідравала мозг .. страшная думка, і ў той жа час у галаве.. складаўся план дзеяння. Колас.

2. ‑у; перан. Разм. Розум, разумовыя здольнасці.

3. ‑а; перан. Асноўнае ядро, кіруючы цэнтр чаго‑н. Такім чынам быў створаны гарадскі партыйны камітэт, цэнтр, мозг падполля. Новікаў.

4. ‑у. Тканка, якая напаўняе поласці касцей у чалавека і пазваночных жывёл. Касцявы мозг.

5. толькі мн. (мазгі́, ‑оў). Ежа, прыгатаваная з мазгоў некаторых свойскіх жывёл.

•••

Варушыць (круціць) мазгамі гл. варушыць.

Да мозгу касцей — а) усёй істотай, цалкам, поўнасцю. — Я да мозгу касцей бязбожнік. «ЛіМ»; б) вельмі моцна, да апошняй сваёй частачкі. Холад пранікаў да мозгу касцей, балюча сціскаў мускулы. Шамякін.

Капаць на мазгі гл. капаць.

Мазгі (не) вараць — пра кемлівага (някемлівага) чалавека.

Мазгі не на месцы — пра дурнога або псіхічнахворага чалавека.

Сушыць мазгі гл. сушыць.

Уставіць (устаўляць) мазгі гл. ўставіць.

мой, майго́, м.; мая́, маёй, ж.; маё, майго́, н.; мн. мае́, маі́х; займ. прыналежны да я.

1. Які мае адносіны да мяне, належыць мне. Мае гады. Мая хата. Мае кнігі. □ Мой час па-рознаму бяжыць: То з гулам, як вясновы гром, То ціхенька, нібы ручай. Лось. [Туляга:] Шчырую праўду кажу вам, паверце майму вопыту. Крапіва. Мой дом — амшалай пушчы сховы, Сяліба ясеняў, сасон. Купала. // Які ажыццяўляецца мною. [Булай:] — Браць ад абсталявання ўсё, што яно можа даць, і нават больш. Такі мой загад. Шыцік. // у знач. наз. маё, майго́. Тое, што з’яўляецца маёй уласнасцю, уласцівасцю, асаблівасцю. Маё — мне, а чужога не трэба. // Які мае адносіны да мяне як члена якога‑н. калектыву; які належыць мне разам з іншымі; які складаецца з каго‑н., уключаючы і мяне. Цвіце, каласіцца мой край, Ці сонейка захад, ці ўсход. Купала. [Враніслаў:] — Усе нашы людзі абвясцілі бязлітасную партызанскую вайну гітлераўцам... Твая дапамога патрэбна майму атраду. Якімовіч.

2. Які належыць мне па сваяцкіх, сяброўскіх і пад. адносінах. [Міхась:] — Мой бацька добры. Паглядзіш. Ён будзе табе рады. Якімовіч. На Дняпры, на правай кручы, Друг мой кіеўскі жыве. Бялевіч. — Гэта мой стары прыяцель, дзед Талаш, у яго я жыў на кватэры, — сказаў.. [камандзір] да вайскоўцаў. Колас. / Пры зваротках. [Скуратовіч:] — Бачыце рэчку? Яна шырэе нейк раптам. Яшчэ каля майго хутара — гэта толькі .. ручаіна. А тут, пане мой, бачыце, шырэй. Чорны. // у знач. наз. мой, майго́; мая́, маёй. Муж, гаспадар; жонка, гаспадыня. [Старая:] — А ты, родненькая, пабудзь трошкі ў нас. Зараз павінен мой вярнуцца, дык скажы, што мы з Волькаю ў Дымаўку пайшлі. Крапіва. // у знач. вык. Пра любімага чалавека, мужчыну, пра любімую жанчыну. — Я ўсё акуратна прыгатую, ты толькі звяжаш у клумак што патрэбнейшае, а там праз момант — і ты мая на векі вечныя. Купала.

3. Уласцівы мне; такі, як у мяне. Мой характар. У сына мая паходка.

4. Той, пра каго ідзе размова (з пункту погляду аўтара). Даніла, мілы мой Даніла! Ох, натварыў сабе ты бед! Колас.

•••

Божа мой; божухна мой! гл. бог.

Мой (твой, яго, яе і г. д.) верх гл. верх.

На маё (яго) выйшла гл. выйсці.