Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

клак, ‑а, м.

Тое, што і пыж. Засыпаў [Дзед Талаш] у стрэльбу добрую порцыю пораху, туга забіў яго клакам. Колас.

кла́ка, ‑і, ДМ клацы, ж., зб.

У капіталістычных краінах — група людзей, якіх наймаюць для стварэння штучнага поспеху або правалу артыста, аратара ці якога‑н. выступлення, спектакля і пад.

[Фр. claque.]

клакёр, ‑а, м.

У буржуазным тэатры — чалавек, наняты для таго, каб гучна апладзіраваць, крычаць, свістаць і тым самым ствараць уражанне поспеху або правалу п’есы, артыста.

[Фр. claqueur.]

кла́ксан, ‑а, м.

Механічны сігнальны гудок трактара, аўтамабіля і інш. Жарыкаў не пераставаў сігналіць; клаксан яго машыны падаваў такія трывожныя гудкі, што можна было падумаць — здарылася няшчасце. Асіпенка.

[Англ. klaxon.]

клан, ‑а, м.

Радавая абшчына, род (першапачаткова ў кельцкіх народаў).

[Кельц. clann.]

кла́няцца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

каму-чаму і без дап.

1. Рабіць паклоны ў знак прывітання, павагі, удзячнасці. Кланяцца роднай зямлі. □ Старыя палешукі, сустракаючыся, пачціва кланяліся. Колас.

2. У пісьме або цераз каго‑н. перадаваць прывітанне, выражаць павагу. — Даслоўна, кажу, так і напішы: маёр Пітолін нізка кланяецца табе, бацька, за маё выхаванне. Грамовіч.

3. перан.; каму. Разм. Звяртацца з просьбай, уніжана прасіць аб чым‑н.; пакланяцца. — Давай, Настулька, будзем жыць так, без запісу ў воласці, без шлюбу ў царкве, бо далей я не пайду кланяцца рознаму чорту. Чарот.

•••

Кланяцца ў ногі каму — тое, што і кланяцца (у 3 знач.).

Кланяцца ў пояс — нізка кланяцца.

клапамо́р, ‑у, м.

Сродак для знішчэння клапоў.

кла́пан, ‑а, м.

1. Прыстасаванне ў кампрэсарах, рухавіках ўнутранага згарання і інш. для рэгулявання патоку пары, газу, вадкасці. Засцерагальны клапан.

2. Рухомая накрыўка, з дапамогай якой адкрываецца і закрываецца адтуліна ў музычных духавых інструментах і мяняецца вышыня гуку. // Пласцінка, якая закрывае адтуліну, а таксама гузік клавіша ў гармоніку, аргане.

3. Пласцінка ў сэрцы, якая перашкаджае адваротнаму руху крыві.

4. Нашыўны кусок матэрыі пэўнай формы, які прыкрывае кішэню або шво на адзенні.

[Ням. Klappe.]

кла́панны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клапана. Клапанная адтуліна. // Прызначаны для вырабу клапанаў (у 1 знач.). Клапанная сталь.

клапата́ць, ‑пачу, ‑почаш, ‑поча; незак.

Разм. Рупліва, старанна займацца чым‑н. Клапатаць каля печы. □ Маленькая Настася бегала ды клапатала, як накарміць сямейку. Лобан.