здранцве́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. здранцвець. — Мамка, мне страшна! — закрычала Валюшка, і гэта вывела Ліду Сцяпанаўну з стану здранцвення. Шчарбатаў.
здранцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Страціць адчувальнасць, гібкасць ад холаду або нязручнага становішча; амярцвець, адзеравянець. — Усё цела здранцвела: мусіць, гадзін пяць ляжалі нерухома. Маўр. Ногі Андрэя так здранцвелі, што ён ледзь адчуваў іх. М. Ткачоў.
2. перан. Прыйсці ў стан нерухомасці, знямення ад моцнага перажывання, страху і пад.; замерці. [Гольц-Мілеру] раптам стала ясна, што брат памірае, і ўсё ў ім здранцвела... Мехаў. Фішар таксама ўчуў нешта і як быў, укленчыўшы ў іржышчы, так і здранцвеў у напружанай позе сполаху. Быкаў.
здра́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Драпаючы чым‑н. вострым, зняць, саскрэбці. Здрапаць надпіс. Здрапаць фарбу.
здрасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.
Разм. Тое, што і здратаваць. Разоў пяць губляў авечкі, Шкоды ў полі нарабіў, Здрасаваў шнуроў тры грэчкі, Вератнік аўса прыбіў. Колас.
здратава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад здратаваць.
здратава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.
Патаптаць, вытаптаць (звычайна пра пасевы). Дзікі зноў сенажаць псуюць. На Паповай градзе здратавалі ўсё дашчэнту. Ляўданскі. // Затаптаць, задушыць. Здавалася, .. [парсючкі] вось-вось наступяць на ногі або зусім здратуюць самога Войцеха. Пташнікаў.
здра́ўніца, ‑ы, ж.
Установа, месца, прыстасаванае для лячэння і адпачынку. Дзіцячая здраўніца. Здраўніцы Каўказа.
здрахле́лы, ‑ая, ‑ае.
Слабы, хілы ад старасці. Здрахлелы чалавек. // Спарахнелы, струхлелы. Здрахлелая хата.
здрахле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць драхлым.
здро́бнены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад здрабніць.