Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

губкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Падобны да губкі ​2 (у 2 знач.); порысты. Губкаватая рызіна.

губля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Страчвацца, прападаць. Дробныя рэчы часта губляюцца.

2. Рабіцца непрыметным, нябачным, выпадаць з поля зроку. Аляксей Гарачун задуменна паглядзеў уздоўж састава. Канец яго губляўся недзе ў цемры. Васілёнак. Цяжка разгледзець унізе кварталы горада — усё губляецца ў дыме, які валіць з заводскіх комінаў. Новікаў. // Рабіцца нячутным (пра гукі). Жудасная цішыня, а ў гэтай цішыні плылі нейкія далёкія, глухія гукі і губляліся... Колас. // Перастаць прасочвацца, губляючыся ў далёкім мінулым. Пачатак вырошчвання збожжавых раслін губляецца ў глыбокай старажытнасці.

3. Станавіцца слабейшым, паступова страчвацца. А далей усё пачало рабіцца, як у сне, калі многія дэталі паўстаюць перад табою выразнымі да болю, а некаторыя губляюцца, і пасля цяжка прыпомніць іх. Паслядовіч.

4. Траціць самавалоданне, бянтэжыцца ад хвалявання. Абстраляны чалавек не так губляецца ў цяжкіх абставінах, у яго воля да перамогі не паралізуецца страхам. Новікаў.

5. Зал. да губляць.

•••

Губляцца ў здагадках — не ведаць, на якім з меркаванняў спыніцца.

губля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Пазбаўляцца чаго‑н., пакідаючы, забываючы дзе‑н. па няўважлівасці. Губляць ключы. Губляць грошы. Губляць рэчы. // Скідваць, атрасаць з сябе (лісце, пер’е і пад.). Сумавала рабіна ў полі, Што губляе ўсё лісцейка з голля. Журба. Не кукуй, зязюля, хоць так цяжка грудзям, Не губляй па лесе пер’е, галасы. Танк.

2. Марна траціць што‑н. дарагое, каштоўнае. Хто рана сее, той насенне не губляе. З нар. Коцік часу не губляе, Мышку ў норку заганяе. А. Александровіч. // Пра таго, хто памёр, загінуў. Шматала мяцеліца Конскія грывы, У жорсткіх атаках Сяброў мы гублялі. Хведаровіч.

3. Пазбаўляцца часткова або поўнасцю якіх‑н. уласцівасцей, якасцей, стану. Губляць надзею. □ Прамень сонца.. з’явіўся на столі — вузкая ружовая палоска. Паступова яна робіцца святлейшай, губляе ружовасць. Шамякін. Хлапчук глядзеў на жоўты, высушаны дашчэнту твар, які губляў свой звычайны, знаёмы выраз. Самуйлёнак. // Выходзіць з ранейшага становішча, мяняць размяшчэнне, позу. Губляць устойлівасць. Губляць раўнавагу.

4. Збівацца з чаго‑н., страчваць што‑н. Губляць дарогу. Губляць сувязь думак.

•••

Губляць (траціць) галаву — траціць здольнасць цвяроза думаць, губляцца ў складаных абставінах.

гу́бна-губны́, ‑ая, ‑ое.

Які ўтвараецца збліжэннем або змыканнем губ; білабіяльны (пра гукі мовы). Губна-губны зычны «б».

гу́бна-зубны́, ‑ая, ‑ое.

Які ўтвараецца збліжэннем або змыканнем ніжняй губы з верхнімі зубамі; лабіядэнтальны (пра гукі мовы). Губна-зубны зычны «ф».

губны́ 1, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да губы ​1. Губныя мышцы. // Прызначаны для губ. Губная памада.

2. Які вымаўляецца пры ўдзеле губ; лабіяльны (пра гукі). Губныя зычныя.

•••

Губны гармонік гл. гармонік.

губны́ 2, ‑ая, ‑ое.

Гіст. Які мае адносіны да губы ​3. Губны стараста.

губрэўко́м, ‑а, м.

Гіст. Губернскі рэвалюцыйны камітэт.

губча́ты, ‑ая, ‑ае.

Падобны на губку ​2 (у 2 знач.); порысты. Губчатае рэчыва.

губчэка́, ‑а, н.

Гіст. Губернская надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам.