губляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Пазбаўляцца чаго‑н., пакідаючы, забываючы дзе‑н. па няўважлівасці. Губляць ключы. Губляць грошы. Губляць рэчы. // Скідваць, атрасаць з сябе (лісце, пер’е і пад.). Сумавала рабіна ў полі, Што губляе ўсё лісцейка з голля. Журба. Не кукуй, зязюля, хоць так цяжка грудзям, Не губляй па лесе пер’е, галасы. Танк.

2. Марна траціць што‑н. дарагое, каштоўнае. Хто рана сее, той насенне не губляе. З нар. Коцік часу не губляе, Мышку ў норку заганяе. А. Александровіч. // Пра таго, хто памёр, загінуў. Шматала мяцеліца Конскія грывы, У жорсткіх атаках Сяброў мы гублялі. Хведаровіч.

3. Пазбаўляцца часткова або поўнасцю якіх‑н. уласцівасцей, якасцей, стану. Губляць надзею. ▪ Прамень сонца.. з’явіўся на столі — вузкая ружовая палоска. Паступова яна робіцца святлейшай, губляе ружовасць. Шамякін. Хлапчук глядзеў на жоўты, высушаны дашчэнту твар, які губляў свой звычайны, знаёмы выраз. Самуйлёнак. // Выходзіць з ранейшага становішча, мяняць размяшчэнне, позу. Губляць устойлівасць. Губляць раўнавагу.

4. Збівацца з чаго‑н., страчваць што‑н. Губляць дарогу. Губляць сувязь думак.

•••

Губляць (траціць) галаву — траціць здольнасць цвяроза думаць, губляцца ў складаных абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)