Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

востразара́зны, ‑ая, ‑ае.

Надзвычай заразны. Востразаразнае захворванне.

востраканто́вы, ‑ая, ‑ае.

З вострымі кантамі (кантам).

востраканфлі́ктны, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца вастрынёй канфлікту. Востраканфліктная п’еса.

востраканцо́вы, ‑ая, ‑ае.

З вострымі канцамі (канцом).

во́страны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад вастрыць (у 1 знач.).

вострапаліты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да самых важных і самых надзённых палітычных пытанняў.

во́страсць, ‑і, ж.

Тое, што і вастрыня.

во́страў, ‑рава; мн. астравы; м.

Частка сушы, акружаная з усіх бакоў вадою. Востраў Сахалін. // Узвышша сярод балота, грудок, выспа. // Участак, які вылучаецца чым‑н. сярод навакольнай мясцовасці. Астравы вёсак сярод палёў. □ Цэлы востраў кустоў барбарысу з чырвонымі ягадамі палаў на сонцы! Хомчанка.

востраязы́кі, ‑ая, ‑ае.

Востры на язык; з’едлівы.

во́стры, ‑ая, ‑ае.

1. З завостраным канцом або краем. Востры канец палкі. □ Свежыя адбіткі вострых капытоў.. сведчылі, што гэта была не здань, а жывы, рэальны алень. В. Вольскі. // Добра навостраны. Серп востры, аж кусаецца, як спрабуе яго пішчыкам пальца Яніна. Мурашка.

2. Які звужвацца пад канец. Востры твар. Вострыя насы туфель. □ Над галавою,.. з свістам рассякаючы паветра вострымі крыламі, праляцела качка. Нікановіч.

3. перан. Які выразна і моцна адчуваецца, праяўляецца. Вострыя пачуцці. □ У Шуры да дэсантнікаў вострая цікавасць, але падступіцца да іх нельга. Навуменка. Разгубленасць саступіла месца вострай трывозе. Лынькоў.

4. перан. Добра развіты, тонкі. Востры зрок, нюх. Востры розум. // Праніклівы, пранізлівы. З-пад .. брывей.. бліснуў востры, як лязо брытвы, позірк. Лынькоў.

5. перан. Дасціпны, з’едлівы. Вострае слова. □ Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, Міхаіл Сярмяжка ўмее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў.

6. Не прэсны, з вялікай колькасцю солі, спецый. Вострыя прыправы. Востры сыр. // Рэзкі. Востры пах. □ Лёгкі подых ветру нёс востры смалісты водар прасохлага на сонцы бярвення. Дуброўскі.

7. Які бурна развіваецца, рэзка адчуваецца (пра хваробы); не хранічны; раптоўны, моцны. Вірусны грып — вострая інфекцыйная хвароба. Востры апендыцыт. □ Нагу працяў нясцерпны, востры боль. Гамолка.

8. перан. Вельмі напружаны, крытычны. Вострая сітуацыя. Вострае становішча. □ Крапівінскія байкі прыцягвалі і прыцягваюць перш за ўсё сваім трапным словам, жывым вострым дыялогам. Казека.

•••

Востры язык гл. язык.

Востры на язык — пра чалавека, які ўмее дасціпна, колка сказаць.

Згладзіць вострыя вуглы гл. згладзіць.