Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

слуха́ч, ‑а, м.

1. Той, хто слухае каго‑, што‑н. Халімону сусед патрэбен быў, каб мець слухача. Галавач. А калі пачалі выступаць салігорцы, нельга было знайсці такога слухача, які б не захапляўся. Кулакоўскі. Толькі грыбы засядаюць маўкліва — Песням патрэбны свае слухачы. Агняцвет.

2. Навучэнец некаторых навучальных устаноў. Слухач ваеннай акадэміі. Слухач палітасветных курсаў. □ — Гэта слухачы інстытута ўдасканалення ўрачоў, — сказаў хтосьці. Мяжэвіч.

3. Спец. Работнік радыёсувязі, які прымае на слых сігналы, што перадаюцца па радыё.

•••

Вольны слухач (уст.) — асоба, якая дапушчана да заняткаў і экзаменаў у вышэйшай навучальнай установе без залічэння студэнтам.

слуха́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да слухач.

слухмя́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць слухмянага. Цімафей Міронавіч выйшаў з хаты з пакорнай слухмянасцю чалавека, які з мілай ахвотаю зробіць усё, што ад яго патрабуюць. Зарэцкі.

слухмя́ны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і паслухмяны. Марылька — дзедава дачка ад першай жонкі, бабіна падчарыца, дзяўчынка ціхая, слухмяная, працавітая. Брыль. Слухмянага каня Не падганяю: — «Но!»... Куляшоў.

слу́цкі, ‑ая, ‑ае.

У выразе: слуцкая бэра гл. бэра.

слу́шнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць слушнага. Слушнасць заўвагі. Слушнасць думкі. Слушнасць прапановы.

слу́шны, ‑ая, ‑ае.

Разумны; абгрунтаваны; практычна карысны. Слушная парада. Слушная заўвага. Слушная ідэя. □ Але ж Сямён таксама хоча найлепшага. І прапанова яго слушная. Шыцік. Думка была слушная, і Віктар павінен быў з ёй згадзіцца. Маўр.

слых, ‑у, м.

1. Адно з пяці знешніх пачуццяў, якое дае магчымасць успрымаць гукі. Органы слыху. □ Гэты стары доктар не быў гаваркім чалавекам. Можа таму, што меў тугі слых. Машара. Невідушчы позірк.. [маці] блукае па столі, а слых пакутліва хоча ўлавіць ціхую размову ў хаце. Ракітны. Да слыху дайшло: цікаюць ходзікі — роўна, мерна. Мележ. // Здольнасць правільна ўспрымаць і аднаўляць музычныя гукі. У Надзі добры голас. Топкі музычны слых. Гарбук. — Э, браце, — забірае Змітро гармонік, — у цябе слыху няма. Жычка.

2. Вестка пра каго‑, што‑н. Не век жа пра.. [бацьку] не будзе аніякага слыху. Чорны. Гады тры слыху не было, бедавала Волька, што дачка прапала. Мыслівец. // Пагалоска. І пайшоў усюды слых, што Лявон на гэтым пустыры лён думае сеяць. Кулакоўскі.

•••

Абсалютны слых — здольнасць вызначаць абсалютную вышыню музыкальных гукаў (до, рэ, мі і г. д.).

На слых — а) толькі слухаючы (вызначаць, пазнаваць і пад. што‑н.). Сваіх, самых мне блізкіх, суседзяў Грачовых я яшчэ мала ведаю. Пакуль што ўспрымаю іх толькі на слых. Ракітны; б) па памяці, без нот (пець, іграць і пад.). Аляксандр лёгка, на слых падбіраў любую мелодыю. Васілевіч.

Ні слыху ні дыху — ніякіх вестак няма.

Ператварыцца ў слых гл. ператварыцца.

Гадаваць слых гл. радаваць.

слыхавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да слыху (у 1 знач.). Слыхавыя органы. Слыхавое ўспрыманне. // Які ажыццяўляецца пры дапамозе слыху. Слыхавая сувязь. Слыхавы дыктант. // Які звязан з успрыманнем гучання мастацкага твора. У вершы [М. Танка «Канцэрт у сене»] што ні радок, то пэўны, адметны слыхавы вобраз. Рагойша.

2. Які служыць для слухання, дае магчымасць слухаць. Слыхавы апарат. Слыхавая трубка.

слыць, слыву, слывеш, слыве; слывём, слывяце; незак., кім-чым, за каго і без дап.

Разм. Быць вядомым у якасці каго‑, чаго‑н., лічыцца кім‑, чым‑н., славіцца. На звадку для хлопцаў, на зайздрасць дзяўчатам, Слыла паваблівай дзяўчынай яна [Гануля]. Купала. [Сімха:] — А можа. Таня, хочаш есці? Я тут за кухара слыву. Глебка. [Коля:] — Ты ж, Міхась, слывеш сярод нас самым разумным. Няўжо ты не можаш што-небудзь выдумаць? Шахавец. Адным словам, школа слыла па ўсё Навагранскае ваяводства. Сабаленка.