Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

плеўра́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плеўры.

плеўрапнеўмані́я, ‑і, ж.

Крупознае запаленне лёгкіх, ускладненае плеўрытам.

[Ад грэч. pleurā — бок і pneumōn — лёгкае.]

плеўры́т, ‑у, М ‑рыце, м.

Запаленне плеўры. Раненне ў грудную клетку.. дало цяжкі плеўрыт. Кулакоўскі.

плеўры́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плеўрыту, абумоўлены плеўрытам. Плеўрытная тэмпература.

плеўрыты́чны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і плеўрытны.

плех, ‑а, м.

1. Месца на галаве, дзе не выраслі або вылезлі валасы; лысіна. Хадосьчын бацька Ігнат, з ружовым плехам і барадою, .. час ад часу пакрыкваў на жонку... Мележ. // Разм. Месца з вылезлай шэрсцю, футрам.

2. Голае месца сярод поля, лесу і пад. Сям-там паднімаліся ў неба стромкія яліны і сосны. Іх пакінулі знарок — абсемяняць аголены плех і заводзіць новы лес. Колас.

пле́цены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад плесці.

2. у знач. прым. Зроблены пры дапамозе пляцення. Мігам з’явіліся дзве новыя чаркі, два сподачкі і два плеценыя лёгкія крэслы. Ваданосаў.

плець, ‑і, ж.

1. Бакавая галінка або сцябло паўзучых ці павойных раслін.

2. звычайна мн. (пле́ці, ‑ей). Доўгія звёны труб або рэльсаў, злучаныя між сабой шляхам зваркі. Зварваць трубы ў плеці.

плечавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да пляча. Плечавая косць.

плечано́гія, ‑іх.

Група марскіх жывёлін, знешне падобных да малюскаў.