гу́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць гучнага; добрае гучанне, звонкасць. Гучнасць голасу. Рэгуляваць гучнасць прыёмніка.
гучне́ць, ‑ее; незак.
Рабіцца больш гучным. Дзіцячыя галасы гучнелі і мацней даносіліся да кватэры настаўніка. Колас.
гу́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Звонкі, выразны, далёка чутны. Гучным голасам прывітаў Шырокі маладых настаўнікаў. Колас. За дзвярамі пачуўся гучны тупат. Гартны.
2. Здольны ствараць чысты, звонкі гук. Гучная скрыпка. □ Дзесь збоку, яшчэ далей, Грае гучная труба. Колас.
3. перан. Які карыстаецца вялікай папулярнасцю; шырокавядомы. Гучная слава. □ Другі баран — ні «бэ», ні «мя», А любіць гучнае імя. Крапіва.
4. перан. Напышлівы, многаабяцаючы. Гучныя фразы. Гучная рэклама.
гучо́к, ‑чка, м.
Абл. Маладая галінка; атожылак, парастак. — Сена дастанем, насячом гучкоў, вецця, галін — не падохне жывёла. Колас.
гу́шкалка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Прыстасаванне, на якім гушкаюцца для забавы; арэлі. Бывала, маці звязвала ўнізе тонкія зялёныя галінкі [бярозы] і атрымлівалася добрая гушкалка. Ваданосаў. Віктар помніць Лявона — вясёлага і гаваркога дзядзьку. Гэта ён ім з Ганікам прыладзіў паміж яблынь гушкалку. Б. Стральцоў.
гу́шканне, ‑я, н.
Разм.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. гушкаць і гушкацца. Гушканне на арэлях.
2. Стан паводле знач. дзеясл. гушкацца. Гушканне на хвалях.
гушкану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Аднакр. да гушкацца.
гушкану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Аднакр. да гушкацца.
гу́шкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Рытмічна калыхацца, гайдацца з аднаго боку ў другі або зверху ўніз. Пан курыў, седзячы ў круглым крэсле, і .. гушкаўся назад, наперад, назад, наперад. Галавач. На хвалях гушкаецца мяч. А. Александровіч.