Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чарно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.

Разм. Тое, што і чарната. Быццам чарноты з аслеплае ночы Шэпт гэты ўраз пазрываў, пазнімаў. Чарнушэвіч. Косы дзёрзкія звоняць супраць белае шляхты, супраць царскай чарноты за праўду чырвоных! Летка.

чарну́шка, ‑і, ДМ ‑шцы, ж.

1. Аднагадовая травяністая расліна сямейства казяльцовых, чорнае насенне якой выкарыстоўваецца як вострая прыправа. Пахнуць градкі кменам і чарнушкай. Кляўко.

2. Разм. Чорнавалосая, смуглая дзяўчынка або жанчына; смуглае дзіця. У мінуты добрага настрою маёр расказваў пра сваё жыццё. Звычайна аб гэтым прасіла яна, а ён не адмаўляў ёй ні ў чым, бо яму, ды хіба яму аднаму, падабалася гэта мілая вясёлая чарнушка. Карамазаў.

чарны́ш, ‑а, м.

Балотная птушка атрада сеўцападобных. Асабліва багата на Піншчыне кулікоў. Тут прадстаўлены амаль усе асноўныя іх віды — кнігаўкі, турухтаны,.. чарнышы. В. Вольскі.

чарню́сенькі, ‑ая, ‑ае.

Вельмі чорны.

чарню́шчы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Зусім чорны. За вялікім сталом, які стаяў убаку, за паўквартай гарэлкі сядзеў чарнюшчы бадзяга ў лахманах; на стале ляжаў акраец чэрствага хлеба і хвост селядца, на якім выступіла соль. Гурскі.

чарня́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае цёмныя валасы і смуглы твар; з цёмнымі валасамі. Перад .. [Евай] стаяў незнаёмы чарнявы хлопец з бліскучымі цёмнымі вачыма. Колас. [Лёнік] зняў кепку,.. выцер далонямі мокрыя ад поту скроні, чарнявую галаву, твар. Марціновіч. // Чарнаваты, цёмны (пра валасы); смуглы (пра твар). Чарнявы, з тонкім носам і прыгожымі вусікамі твар лейтэнанта ажывіўся, у вачах мільганулі хітрыя іскрынкі. Мележ. Калі дзяўчына села і паправіла на галаве зблытаныя чарнявыя валасы, Святлана ўбачыла, што гэта — машыністка. Кулакоўскі. / у знач. наз. чарня́вы, ‑ага, м.; чарня́вая, ‑ай, ж. Алёшка ціха сказаў да чарнявага слова, і той пайшоў з хаты. Мікуліч. А там, за вечным ціхім снегам, Які не сходзіць з галавы, Дарожкі-сцежкі, што абегаў, Калі чарнявую лавіў. Семашкевіч.

чаро́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Разм. Памянш.-ласк. да чарада; невялікая чарада. Зводдаля паказаліся .. гаспадарчыя будынкі калгаса, а за імі — двайная чародка хат у густой зеляніне палісаднікаў. Краўчанка. У лукавіне ракі паміж кустамі паказалася чародка жанчын. Лобан.

чаро́дны, ‑ая, ‑ае.

Які жыве чародамі, у чарадзе, які збіраецца ў чароды. Чародная рыба. Чародная птушка.

чаро́мха, ‑і, ДМ ‑мсе, ж.

Дрэва ці высокі куст сямейства ружакветных з сабранымі ў гронкі белымі духмянымі кветкамі і чорнымі даўкімі на смак ягадамі. Перад акном у нас расцвітае чаромха. Брыль. // Галінкі гэтай расліны з кветкамі. Букет чаромхі. □ За гэты час чаромха выпіла ваду і пялёсткі асыпаліся. Гроднеў. // зб. Ягады гэтай расліны. Маці цеста тады ўчыніла з вадой, праснакоў нарабіла з чаромхай лясной. Дубоўка.

чаро́мхавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чаромхі, з’яўляецца чаромхай. Пад чаромхавым кустом сядзелі дзяўчынкі і плялі вянкі. Чарнышэвіч. Праз некалькі хвілін Сёмка разам з дзедам пляліся па яру, дзе пахла чаромхавым лісцем. Хомчанка. // Зарослы, засаджаны чаромхай; які складаецца з дрэў, кустоў чаромхі. Чаромхавы гушчар выплыў з цемры нечакана. Савіцкі.

2. Зроблены, прыгатаваны з чаромхі. Чаромхавы кій. Чаромхавае варэнне.