чарні́ла, ‑а, н.
Водны раствор якога‑н. каляровага рэчыва, што ўжываецца для пісання. Андрэйка ўсунуў ручку ў чарніла, забыўся яе атрэсці і перш-наперш абліў паперу чарнілам. Бядуля. / Разм. Пра віно. [Ткачук:] — А белай няма? Цярпець не магу гэтага чарніла. Быкаў. Грошай пачалі зарабляць да халеры, а які толк: грошы тыя, як дым з коміна, напуста вылятаюць! Адно ў людзей у галаве — абы чарніла набоўтацца! Лецка.
•••
Сімпатычнае чарніла — бясколерная або слаба афарбаваная вадкасць, якая выкарыстоўваецца ў тайнай перапісцы.
Хімічнае чарніла — чарніла фіялетавага колеру.
чарні́ліца, ‑ы, ж.
Невялікая спецыяльная пасудзіна, куды наліваюць чарніла і мачаюць пяро, калі пішуць. У чарніліцы, пакінутая, відаць, у спешцы, стаяла тырчком ручка. Гамолка.
чарні́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чарніла. На жоўтым століку выразна віднелася чарнільная пляма, вельмі падобная на след дзіцячай далонькі. Лынькоў. Некаторыя з .. [выразаў] тут жа тлумачыліся, развіваліся на палях газеты дробнымі чарнільнымі надпісамі. Шамякін. // Прызначаны для чарніла. Чарнільны парашок. Чарнільны прыбор. // Такі, як у чарніла (пра колер). Змяркалася. Цемень змагалася з віднатою — неба налівалася сінім чарнільным колерам. Капыловіч. // Чорны, цёмны. Хвалі ішлі адна за адной, і процілеглы бераг губляўся ў чарнільнай навальнічнай цемры. Караткевіч. / у вобразным ужыв. Ды затапіла неба чырвань, Пабеглі цені па вадзе, І ноч ад нас чарнільнай шырмай Адгарадзіла светлы дзень. Сербантовіч.
•••
Чарнільны арэшак гл. арэшак.
Чарнільная душа гл. душа.
чарні́цца, чэрніцца; незак.
Зал. да чарніць.
чарні́цы, ‑ніц; адз. чарніца, ‑ы, ж.
1. Кустовая ягадная расліна сямейства бруснічных.
2. Саладкаватыя чорна-сінія ягады гэтай расліны. Нясуць калгаснікі на рынак Лясоў багатыя дары: Маліну, зорныя суніцы, Тугіх парэчак шрот буйны І сакавітыя чарніцы З прыемным водарам лясным. Жычка.
чарні́ць, чарню, чэрніш, чэрніць; незак.
1. што. Рабіць чорным; фарбаваць у чорны колер. Сам думаю пра Ніну: як яна будзе прыбіраць мой пакойчык, глядзецца ў люстэрка і чарніць бровы ці прычэсваць валасы... Мыслівец. // Забруджваючы дымам, куродымам, чадам і пад., рабіць чорным што‑н. Два коміны цеплавой электрастанцыі дымам чарнілі шэрае неба. Грамовіч.
2. перан.; каго-што. Няславіць, ганьбаваць, прадстаўляць у дрэнным выглядзе каго‑, што‑н. Адзін толькі кульгавы Базыль, сусед іхні, заўсёды чарніў Алёшку перад людзьмі. Якімовіч. «Які ж ты кусачы, — прыслухоўваючыся да .. фальцэту [Барабанава], не без злосці думаў Рудчанка. — Усё чэрніш. Хочаш паказаць, што ў нас усё дрэнна». Сіўцоў.
3. што. Пакрываць чэрню 2. Чарніць сярэбраныя вырабы.
чарні́чнік, ‑у, м.
Сцёблы, кусцікі, на якіх растуць чарніцы. І я ішоў па густым, яшчэ зялёным чарнічніку, не спыняючыся і зачаравана разглядаючы прыгажосць асенняга лесу. Ляўданскі. Наступны баравік сядзеў, стоены ў чарнічніку, і трэба было зыркае вока, каб яго адшукаць. Навуменка. // Месца, парослае кустамі чарніц. Чарнічніку было поўна, увесь дол укрыты. Сцяпан нагнуўся, расхінуў кусток. Ягады былі яшчэ зеленкаватыя. Гіль.
чарні́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чарніц. Чарнічны куст. □ Дзе ніжэй, па чарналессю, стаялі некранутымі чарнічныя ды буяковыя запаведнікі. Лынькоў. // Прыгатаваны з ягад чарніц. Усе чокнуліся з маладымі і выпілі разведзенага чарнічным сокам спірту з панскага бровара. Грахоўскі. // перан. Падобны на чарніцы, чарніцу. Сказаўшы вам, Аўдотка ж і ратавала Пракопа. То скокам, то бокам, то слязамі, то юрлівымі сваімі чарнічнымі вачыма. Вітка.
чарно́быль, ‑ю, м.
Шматгадовая травяністая расліна сямейства складанакветных з чырванавата-бурым сцяблом; разнавіднасць палыну. Пырхнуўшы з гнязда, шэрая птушына далёка не адлятала, а садзілася на галінку чарнобылю і глядзела ў мой бок па-свойску, смела. Грамовіч.