чарнаспі́нны, ‑ая, ‑ае.
У якога чорная спіна; з чорнай спінай. Не можа быць, каб не стаяла ва ўпадзіне за гэтым пасівелым жвірком чарнаспінная чарада падустаў. Кірэенка.
чарната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
1. Чорны, цёмны колер чаго‑н. Ад чарнаты барады матавы твар рэдактара прымае шэрае адценне. Бядуля. Выгінастая рэчка яшчэ цякла звінючай чарнатой у аснежаных берагах. Чорны. // Змрок, цемра. Мы зноў доўга маўчым і зноў, ужо ў глухой чарнаце ночы, Васіліса працягвае свае думкі ўслых. Васілевіч. Мусіць, каб не снег, навокал была б густая чарната, але снег адганяў цемру, бяліў усё. Мележ. // Разм. Бруд, гразь на чым‑н. Мужчынскіх чаравікаў на яе нагах і чарнаты, што неадмыўна ўелася ў маршчынкі і поры на матчыных руках за чатыры апошнія месяцы,.. [дзяцюк] не бачыў... Мехаў.
2. перан. Непрыемныя, агідным думкі, пачуцці. Ад успаміну ў душы [Лёні] .. ажыла з новай сілай уся тая горкая, ганебная чарната, ад якой вось і ў родную хату не хочацца... Брыль. // Бязрадаснасць, змрочнасць; цяжкасці, непрыемнасці. Наіўнасць дзіцяці перад грубай чарнатой жыцця была настолькі трагічна, што няможна было стрымацца ад плачу. Нікановіч. — Няхай гасподзь бог адвядзе ад яе [цёткі] усю чарнату, — сказала маці, павярнуўшыся да мяне. Бажко.
чарнатро́п, ‑у, м.
Спец. У мове паляўнічых — асенні холад да выпадзення снегу.
чарнаце́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Жук падатрада мнагаедных.
чарнашэ́рсны, ‑ая, ‑ае.
У якога чорная шэрсць; з чорнай шэрсцю.
чарне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. чарніць.
чарне́цца, ‑еецца; незак.
Тое, што і чарнець (у 2 знач.). На гарызонце дзесьці чарнелася сцяна .. лесу. Якімовіч.
чарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца чорным, больш чорным. Снягі набраклі талаю вадою І з кожнай хвіляй чэзнуць і чарнеюць. Свірка. Павесілі галовы сланечнікі, не дзярэцца на платы гарбузнік, чарнее бульбянік. Навуменка.
2. Вылучацца сваім колерам (пра што‑н. чорнае). На сцяне чарнелі хамуты і густа пахлі дзёгцем. Чорны. Ложак панура чарнеў сеткаю. Мележ. За акном чарнела асенняя ноч. Грахоўскі.