зды́мачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да здымкі, звязаны са здымкай чаго‑н. Здымачная група. Здымачныя работы. Здымачны працэс. // Прызначаны для здымкі. Здымачны апарат.
зды́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. знімаць, здымаць — зняць (у 11 знач.). Здымка фільма.
2. Вызначэнне месцазнаходжання пунктаў і ліній на мясцовасці для складання плана, карты. Картаграфічная здымка.
•••
Панарамная здымка — спосаб кіназдымкі, калі паступовым вярчэннем кінаапарата здымаецца вялікая прастора.
зды́мнік, ‑а, м.
Спец. Прыстасаванне для знімання чаго‑н.
зды́мны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які можна зняць, наглуха не замацаваны. Здымная рама. Здымная сетка.
зды́рдзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
Разм. груб. Памерці. [Босы:] Хутчэй бы ўжо тая поўная перамога прыйшла, баюся, спазніцца, з голаду папухнем, з голаду здырдзімся. Маўзон.
здыхата́, ‑ы, ДМ ‑хаце, ж.
Разм.
1. Павальная гібель жывёлы ад якой‑н. хваробы; мор. — Каб на вас здыхата, каб на вас. І сну вам няма, — вылаяўся высокі на сабак. Пальчэўскі.
2. Тое, што і здыхляціна (у 2 знач.). «Няхай яго з канём, — гаварылі [хлопцы], — валачыся з ім, здыхатой». Брыль.
зды́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак. (часцей з адмоўем).
Пачаць ізноў спакойна і роўна дыхаць (пасля бегу, хады і пад.). — Не спяшайся так, кабеціна, — сунімаў .. [маці] Адам, пакашліваючы, — здыхацца не магу я... Якімовіч. / Пра хворага. Чалавек цяжка захварэў. Нешта падперла пад бакі, сціснула грудзі, твар увесь смыліць, як бы полымем збоку хто яго пячэ, і ніяк не здыхацца, і гаварыць нельга. Ермаловіч.
здыха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да здохнуць.
здыхлі́на, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і здыхляціна (у 2 знач.). — Здыхліна, сорамна проста. Раней у мяне быў конь — во! М. Ткачоў.