Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спаражні́цца, ‑ражнюся, ‑рожнішся, ‑рожніцца; зак.

1. Стаць пустым, вызваліўшыся ад змесціва. Шклянка за шклянкаю — і бутэлька спаражнілася. Сабаленка.

2. Разм. Выдаліць з арганізма рэшткі ператраўленай ежы.

3. Разм. Пазбавіцца ад цяжарнасці шляхам выдалення плода.

спаражні́ць, ‑ражню, ‑рожніш, ‑рожніць; зак., што.

1. Зрабіць парожнім, пазбавіўшы ад змесціва. Пакуль мы спаражнілі міску, хмара праскочыла і на дварэ зноў прамянілася ліпеньскае сонца і цалавала спелае жытняе валоссе. Сташэўскі. Міход залпам спаражніў пляшку, вылез з-за стала і выцягнуў за руку Галю. Павёў у другі пакой. Сабаленка.

2. Разм. Выдаліць з арганізма рэшткі ператраўленай ежы. Спаражніць жывот.

спаражня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да спаражніцца.

2. Зал. да спаражняць.

спаражня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да спаражніць.

спаралізава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спаралізаваць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане паралічу. Як толькі стаў вяртацца зрок і пачалі варушыцца пальцы на спаралізаванай руцэ, .. [Чорны] зноў узяўся за пяро і вярнуўся да творчасці. Вітка.

спаралізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., каго-што.

1. (часцей у форме дзеепрым.). Прывесці ў стан паралічу. У яго рука спаралізавана. / у безас. ужыв. Герке — тоўсты, з малінавым тварам чалавек, якога гадоў пяць назад спаралізавала, на заводзе паяўляўся рэдка. Асіпенка.

2. перан. Пазбавіць магчымасці дзейнічаць, аслабіць праяўленне чаго‑н. Але і гора і пакуты і, тым больш, знянацку нахлынуўшыя пачуцці спаралізавалі .. волю [жанчыны] і абяссілілі рукі. Майхровіч.

спаралі́сцік, ‑а, м.

Тое, што і спарафіл.

спара́нгій, ‑я, м.

Орган раслін, у якім утвараюцца споры, што служаць для бясполага размнажэння.

[Ад грэч. spora — пасеў і angeion — сасуд.]

спа́раны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спарыць ​1.

2. у знач. прым. Аб’яднаны ў пару для сумеснай працы, дзеянняў; здвоены. Па калодкі вязлі калёсы ў жыдкую гразь, пагражаюча рыпелі ў калдобінах восі, і змораныя, спараныя коні ледзь цягнулі драбінкі. Нікановіч.

•••

Спараная язда гл. язда.

спа́раны 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спарыць ​2.

спарафі́л, ‑а, м.

Відазменены ліст споравых раслін, на якім развіваюцца споры.