Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

словатво́рчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да словатворчасці. Што датычыцца форм дзеяслоўнага словаўтварэння і словатворчых функцый прыставак, то тут зроблена яшчэ менш. Суднік.

словатлумачэ́нне, ‑я, н.

Кніжн. Тлумачэнне значэнняў слоў.

словаўжыва́нне, ‑я, н.

Кніжн. Ужыванне ў мове слова ў тым ці іншым значэнні. Тэрміна лагічнае словаўжыванне.

словаўтвара́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да словаўтварэння; які служыць для словаўтварэння. Словаўтваральная сістэма. Словаўтваральны суфікс. Словаўтваральная мадэль.

словаўтварэ́нне, ‑я, н.

1. Утварэнне слоў у мове, а таксама спосабы такога ўтварэння слоў. Спосаб суфіксальнага словаўтварэння назоўнікаў.

2. Раздзел навукі аб мове, які вывучае структуру слоў і законы іх утварэння.

словафо́рма, ‑ы, ж.

Марфалагічны варыянт слова, які дае магчымасць спалучацца з іншымі словаформамі і ўтвараць фразы.

сло́дыч, ‑ы, ж.

Разм.

1. Уласцівасць салодкага (у 1 знач.); салодкі смак. Слодыч цукерак. Слодыч вінаграду. Такая слодыч, есці немагчыма.

2. перан. Прыемнае адчуванне; асалода, задавальненне. Я палюбіў цябе, край украінскі, За слодыч музыкі бандур тваіх. Журба. Сэрца ведае тамленне, Сэрца знае слодыч мар. Колас. Апошні месяц Міця адчувае сябе роўным з сябрамі і ўдосталь п’е слодыч гэтага цудоўнага пачуцця. Навуменка. [Баляслаў] піў слодыч цішыні бацькаўскага гнязда. Чорны. Я знаю, што служба марская — не слодыч, А мора — не толькі адна прыгажосць. Жычка.

сло́ены, ‑ая, ‑ае.

Зроблены ў выглядзе накладзеных адзін на другі слаёў, слаямі. Слоенае цеста. // Прыгатаваны з такога цеста. Слоены пірог.

сло́ік, ‑а, м.

Невялікая шкляная або гліняная пасудзіна. Зеленаватыя рыжыкі складаліся ў дзежачкі, гліняныя слоікі, саліліся. Васілевіч. [Прылуцкі] трымаў у руках шкляны слоік з хімічнымі прэпаратамі. Новікаў. // Колькасць чаго‑н., якая змяшчаецца ў такой пасудзіне. Ды яшчэ сённяшняй раніцай, збіраючыся сюды, .. [маці] памяняла на базары апошнія свае туфлі на слоік тварагу. Мехаў. Слоіка салёных груздоў, купленага на станцыі, хапала.. [Будрысу], з бульбай, на два дні. Караткевіч.

сло́ічак, ‑чка; Р мн. ‑чкаў; м.

Памянш. да слоік.