Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

свісцёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм.

1. Духавы народны музычны інструмент у выглядзе дудкі з дрэва або чароту. З вуліцы чуваць трэск барабана, віск флейты-свісцёлкі і размерны тупат ног. «Маладосць».

2. Тое, што і свістулька. Андрэйка трымае ў руках лазовую свісцёлку, якую днём скруціў яму дзед, і ціхутка свішча. Бядуля. Свісцёлкай з лапушыны Ён [Пеця] свішча з-пад рукі І голасам птушыным Іх [шчыглоў] вабіць на сілкі. Хведаровіч.

свісця́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Са свістам, з прысвістам. — Ты хто такі? — свісцячым шэптам, з усіх сіл трымаючыся, каб не закрычаць, спытаў Гунава. Самуйлёнак.

2. Які ўтвараецца пры праходжанні струменя паветра праз вузкую шчыліну ў месцы збліжэння пярэдняй часткі языка з верхнімі пярэднімі зубамі. Свісцячыя гукі. / у знач. наз. свісця́чы, ‑ага, м. Цвёрды свісцячы. Мяккі свісцячы.

свісь, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. свістаць, свіснуць. Чэсік злазіць з каменя і — свісь, свісь пугай — займае кароў з сенакосу. Васілевіч.

сві́та 1, ‑ы, ДМ свіце, ж.

1. Асобы, якія суправаджаюць важную, высопапастаўленую асобу. Світа караля. □ [Мартын:] — Едзе, бывала, пані, дык хто-небудзь з яе світы крычыць на нас, хлапчукоў: «Здымайце шапкі, галганы, на калені!». «ЛіМ». // Разм. Асобы, якія пастаянна, увесь час ходзяць за кім‑н. Я з усёй вясёлай світы Маладзейшы. Барадулін.

2. Афіцэры, якія складалі ваенна-прыдворны штат цара ў дарэвалюцыйнай Расіі.

[Фр. suite.]

сві́та 2, ‑ы, ДМ свіце, ж.

Спец. Сукупнасць пластоў горных парод, аб’яднаных узростам, агульнасцю ўмоў утварэння і падобным саставам. Вапнавая світа. Вугляносная світа. Світа пясчанікаў.

сві́та 3, ‑ы, ДМ свіце, ж.

Доўгая сялянская верхняя вопратка з сукна. Смалою, сасняком прапахла твая світа, шапка; у крывавых мазалях, нібы тыя таркі, твае далоні, а ты [плытагон] гоніш плыты ў чужыя краіны, гоніш золата роднага краю. Бялевіч. Максім ускочыў з пасцелі, хуценька апрануўся, паснедаў на хуткую руку і, уздзеўшы на свой паўкажушак шырокую світу з башлыком, падперазаўся тоўстым поясам і выйшаў з хаты. Машара.

світа́льны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да світання, які адбываецца ў час світання, на золку. На ўсходзе ярка разгаралася світальная зара. Якімовіч. У пакой залятаў світальны вецярок, настоены на халаднаватай цішыні, на ліповым цвеце, па чыстай і глыбокай сіні неба. Вышынскі.

світа́нак, ‑нку, м.

Разм. Тое, што і світанне. Світанак. На фоне пасвятлелага неба, над садамі і хатамі апускаецца адзін і падымаецца другі канец калодзежнага жураўля. Шамякін. Нездарма ж мы на світанку жыцця любілі глядзець на зямлю праз каляровыя шкельцы. Караткевіч.

світа́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да світанку, які адбываецца ў час світанку. І мне крыўдна, Балюча бывае, Калі часам нахлебнік заўзяты Пах зямлі, Руні шум забывае Ды з пагардай глядзіць на аратых. Вось такога б, Як кажуць, за шкірку, Ды на поле, дае сеюць і косяць, — Пахадзі за касцамі ў «прыцірку», Пакупайся ў світанкавых росах. Калачынскі.

світа́нне, ‑я, н.

1. Час перад усходам сонца, калі пачынае віднець; самы пачатак раніцы. На світанні, на зары У зялёным гушчары, Дзе мох сцелецца рабы, Паспрачаліся грыбы. Танк. Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясновымі світаннямі. Лынькоў. // Стан паводле знач. дзеясл. світаць. Світанне доўга не магло адолець змроку. Мележ. Над поплавам цадзілася, распаўзалася світанне. М. Ткачоў.

2. перан. Пачатак, ранні перыяд чаго‑н. А перамогі незабыўны час айчыне даў цудоўнае світанне. Дубоўка. Даўно мінула маё світанне. Мінае мой поўдзень, мінае мой дзень. Вярцінскі.

світа́ць, ‑ае; незак.

1. безас. Пачынаць развіднівацца (аб прыбліжэнні ўсходу сонца). Як толькі пачало світаць, хлопец і папоўз да.. [разведчыкаў] на наглядальны пункт. Няхай. Позна світала і рана змяркалася. Можа таму і настрой у некаторых [будаўнікоў] быў пахмуры, як гэтыя шэрыя снежаньскія дні. Грахоўскі. [Палажка:] — Не рана. Месяц ужо зайшоў, пачынае світаць. Лобан.

2. Пачынацца, наступаць (пра дзень). [Наталля Пятроўна:] Глядзі, і новы дзень світае, А ты [муж] не можаш разагнаць тугу... Бачыла. І ноч прайшла, світае дзень. Колас. // перан. Праясняцца, станавіцца зразумелым. Світаць у думках пачало: Нашчадкі ўдзячныя ацэняць І шчодра лаўрамі аценяць Яго халоднае чало. Барадулін.

сві́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тое, што і світа ​3. Амелька адхіліў крысо світкі і падаў Тэклі гладышык светлага мёду. Краўчанка.