му́чыць, мучу, мучыш, мучыць; незак., каго.
Прычыняць мукі, пакуты каму‑н. [Мільгун:] — Я сам па сваёй волі ні слова не гаварыў пра вас, нікога з вас не называў.. Але мяне мучылі, мяне катавалі. Колас. «Як гэта я не ўбярог бацькі?!» — мучыў сябе папрокамі Валодзя. Новікаў. // Быць прычынай мукі. У цяжкія дні блакады, калі прадукты ў нас выйшлі зусім, мяне, больш чым каго, пачаў мучыць голад. Карпюк. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не даваць спакою, хваляваць, непакоіць. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю. Дуброўскі.
мучэ́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. мучыцца, мучыць; мука, пакута.
му́шка 1, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Памянш. да муха.
2. перан. Наклееная або намаляваная чорная крапінка на твары ў выглядзе радзімкі.
3. Упрыгожванне ў выглядзе круглага вузялка, кропкі на празрыстай тканіне. Твар госці хаваў цёмны, з мушкамі, вельмі густы вэлюм. Караткевіч.
•••
Шпанская мушка — тое, што і шпанская муха (гл. муха).
му́шка 2, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Частка прыцэльнага прыстасавання ў ручной агнястрэльнай зброі, размешчаная на пярэдняй частцы ствала. Чыстай марлечкай [салдат] старанна выцер шкло прыцэла, мушку. Шамякін. Чыжык прыцэліўся, але рукі дрыжалі і ўвесь час неспакойна скакала мушка. Лупсякоў. [Партызан] ужо даўно сачыў за .. эсэсаўцам, і пры кожным яго руху пераносіў мушку то ўлева, то ўправа. Шчарбатаў.
•••
Браць (узяць) на мушку гл. браць.
мушке́т, ‑а, М ‑кеце, м.
Старажытнае буйнакалібернае ружжо з кнотам для запальвання пораху.
[Фр. mousquet ад іт. moschetto.]
мушке́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мушкета; прызначаны для мушкета. Мушкетны выстрал.
мушкецёр, ‑а, м.
Салдат, узброены мушкетам.
[Фр. mousquetaire ад mousquet — мушкет.]
мушкецёрскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мушкецёра; які складаецца з мушкецёраў. Мушкецёрскі полк.
мушмула́, ‑ы, ж.
1. Невялікае пладовае дрэўца або кусты сямейства ружакветных з мучністымі салодкімі ці кісла-салодкімі пладамі, прыгоднымі для ежы.
2. зб. Плады гэтай расліны.
[Тур. musmula.]
мушта́бель, ‑я, м.
Спец. Драўляная палачка, з дапамогай якой падтрымліваецца правая рука жывапісца ў часе работы над дробнымі дэталямі карціны.
[Польск. musztabel, ад ням. Maßstab.]
му́штра, ‑ы, ж.
Метад ваеннага навучання, заснаваны на механічнай дысцыпліне і бяссэнсавым завучванні прыёмаў ваеннай справы; само такое навучанне. [Міна Кіташ:] — Абараняць цара.. мне доўга не давялося. Тры месяцы муштры ў запасным палку пад Клязьмай, тыдзень дарогі да Мазурскіх балот, два дні ў акопах і пяць хвілін атакі — вось і ўвесь мой баявы шлях. Жычка. // Вельмі строгі метад выхавання; навучанне, абучэнне такім метадам.
[Польск. musztra ад ням. mustern — рабіць агляд.]