му́шка 1, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Памянш. да муха.

2. перан. Наклееная або намаляваная чорная крапінка на твары ў выглядзе радзімкі.

3. Упрыгожванне ў выглядзе круглага вузялка, кропкі на празрыстай тканіне. Твар госці хаваў цёмны, з мушкамі, вельмі густы вэлюм. Караткевіч.

•••

Шпанская мушка — тое, што і шпанская муха (гл. муха).

му́шка 2, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Частка прыцэльнага прыстасавання ў ручной агнястрэльнай зброі, размешчаная на пярэдняй частцы ствала. Чыстай марлечкай [салдат] старанна выцер шкло прыцэла, мушку. Шамякін. Чыжык прыцэліўся, але рукі дрыжалі і ўвесь час неспакойна скакала мушка. Лупсякоў. [Партызан] ужо даўно сачыў за .. эсэсаўцам, і пры кожным яго руху пераносіў мушку то ўлева, то ўправа. Шчарбатаў.

•••

Браць (узяць) на мушку гл. браць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)