Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

здружы́цца, здружуся, здружышся, здружыцца; зак.

Завесці з кім‑н. моцную дружбу; падружыцца, пасябраваць. [Лабановіч] успамінаў Выганаўскую школу, вучняў, знаёмых сялян, з якімі ён здружыўся і з якімі расстаўся так раптоўна і нават трагічна. Колас. Расставанне было не лёгкім. За няпоўны год усе здружыліся, палюбілі сваю школу майстроў. Асіпенка. // Зжыцца, звыкнуцца з чым‑н. Пакуль жа за партай, у школе сваёй, Ты з кнігай здружыся юначай душой. Бялевіч.

здружы́ць, здружу, здружыш, здружыць; зак., каго.

Звязаць дружбай, зрабіць сябрамі. Галоўнае ж — аперацыя яшчэ больш здружыла калектыў, а Людвіку стала сапраўдным баявым экзаменам. Кулакоўскі. Палатна і рамантычны быт, праца ў адным катлаване здружылі ўсіх.. навасёлаў. Грахоўскі.

здрыгану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да здрыгацца.

здрыгану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Заставіць здрыгануцца; скалануць. Прылажыўся дзед Талаш, і гулкі стрэл здрыгануў лясную глухмень. Колас.

здрыга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Уздрыгваць, калаціцца. І гудзе зямля і здрыгаецца — То ляцяць удаль цягнікі. Ставер. І пачаў [хлопец] нажом сталёвым пілаваць і секчы дрэва, аж здрыгаўся пень яловы, аж смала на ім кіпела. Дубоўка.

2. Рабіць сутаргавыя рухі, мімаволі ўздрыгваць (ад страху, узрушэння і пад.). [Лясніцкі] міжвольна прыпыніў ход, асцярожна, паціху ступаў па пышным дыване, здрыгаўся, калі трэскала пад нагой сухая галінка. Зарэцкі. Прыезджы чалавек, як мой бацька, ад страху здрыгаўся і прысядаў. Гарэцкі.

здрэйфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; зак.

Дрэйфуючы, перамясціцца куды‑н. (пра судна, ільдзіну).

здрэ́йфіць, ‑флю, ‑фіш, ‑фіць.

Зак. да дрэйфіць.

здубе́лы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і здубянелы.

здубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Тое, што і здубянець.

здубяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які страціў рухомасць, адчувальнасць ад холаду (пра цела, часткі цела). Вось і сапёры. Адны з іх скончылі сваю працу і грэюць цяпер здубянелыя рукі і ногі. В. Вольскі. // Зацвярдзелы, злубянелы (пра адзенне). Соня пакінула на сябе здубянелы ад сырасці плашч. Гроднеў. Дзядзька памалу закасаў заскарузла-здубянелую зрэбную калашыну, агаліў рану. Ставер.