чарнабро́вы, ‑ая, ‑ае.
У якога чорныя бровы. Лена вельмі добра памятае .. [бацьку], чарнабровага, яснавокага, заўсёды вясёлага. Ваданосаў.
чарнабу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм. Чорна-бурая ліса. // Футра гэтай жывёлы; гаржэтка з футра чорна-бурай лісы. [Інжынер] паціснуў руку Косцю, Ані і адышоў да акна, дзе яго чакала жанчына з чарнабуркай на плячах. Карпюк.
чарнава́ты, ‑ая, ‑ае.
З чорным адценнем, па колеру блізкі да чорнага. І тут я ўбачыў вось што: ля адчыненага акна, крыху збоку, стаяла Зоська, а на плячы ў яе, накрыўшыся чарнаватым хвосцікам, сядзела рыжанькая вавёрка і мордачкай церлася аб шчаку дзяўчынкі. Ляўданскі.
чарнаві́к, ‑а, м.
Чарнавы накід, тэкст, рукапіс чаго‑н. Чарнавік сачынення. □ Шматлікія вершы Дзяргая доўга адлежваліся ў яго чарнавіках, і пераважна таму, што аўтар заставаўся незадаволены іх адшліфоўкай. Лойка.
чарнаво́кі, ‑ая, ‑ае.
У якога чорныя, цёмныя вочы. Лабановічу падабалася прыгожанькая, крыху сарамяжлівая, чарнавокая Лідачка. Колас.
чарнаву́сы, ‑ая, ‑ае.
У якога чорныя вусы. У сельсавеце хлопцы засталі і старшыню, чарнавусага дзядзьку Рыгора. Якімовіч.
чарнавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Напісаны, зроблены начарна; неканчатковы. Чарнавы чарцёж. □ І на самай справе, як аб гэтым сведчаць даты на лістах чарнавога рукапісу паэмы, некаторыя дні прыносілі па 30 і больш вершаваных радкоў. У. Калеснік. У асобе Міколы Аўрамчыка беларуская літаратура якраз мае вельмі патрабавальнага паэта, які .. не спяшаецца друкаваць яшчэ чарнавыя накіды вершаў. Бугаёў. // Прызначаны для запісаў начарна, з такімі запісамі. Чарнавы сшытак. □ — Вось, малады чалавек, — сказаў інжынер Блок, — тут два аркушы — чарнавы і чысты. На чысты аркуш вы перан[есяце] папраўленыя лічбы... Колас.
2. Дапаможны, падсобны; цяжкі, брудны (пра работу). Рабочых сцэны не было, артысты самі выконвалі ўсе чарнавыя работы. Сабалеўскі. Купала не цураўся ніякай чарнавой работы, толькі б падтрымаць маладых пісьменнікаў. Ярош.
3. Звязаны з першапачатковай стадыяй вытворчасці. Чарнавая апрацоўка.
4. Спец. Са значнай колькасцю прымесей (пра каляровыя металы). Чарнавы цынк. Чарнавая медзь.
чарнаго́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Чарнагорыі, чарнагорцаў; які належыць, уласцівы ім.