Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сятча́сты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і сеткаваты.

сятча́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Унутраная святлоадчувальная абалонка вока.

сяўба́, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. сеяць (у 1 знач.); пасеў збожжавых культур. Веснавая сяўба. Радковая сяўба. □ Недзе за пушчай, у полі, пачаліся ворыва і сяўба. Брыль. Дзень выдаўся цёплы, ціхі і ясны, і сяўбу .. [Зосі з бацькам] удалося скончыць да абеду. Гартны.

2. Пара, калі сеюць. Цяпер гарачая пара ў калгасе. Сяўба. Кухараў. Набліжалася сяўба жыта, і Андрэй ад клопатаў і турбот не знаходзіў сабе месца. Чарнышэвіч.

•••

Квадратна-гнездавая сяўба — спосаб сяўбы прапашных культур, калі насенне ці клубні размяшчаюць на пэўнай адлегласці адно ад другога ў падоўжаным і папярочным напрамку.

Падзімняя сяўба — сяўба яравых культур позняй восенню для атрымання ўсходаў вясной.

сяўня́, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і сявенька. Калі Сцяпан Касцевіч прыйшоў да .. [Мікіты] прасіць бульбы, ён сядзеў на лаве і плёў сяўню з арэхавых лык. Пестрак.

сяўру́га, ‑і, ДМ ‑рузе, ж.

Каштоўная прамысловая рыба сямейства асятровых.

сяўру́жына, ‑ы, ж.

Мяса сяўругі як ежа.

сячка́рня, ‑і, ж.

Сельскагаспадарчая машына для рэзкі саломы на корм, а таксама для здрабнення зялёнай масы раслін па сілас. Сярдзіта зашамкала сячкарня вострымі нажамі, перасякаючы салому на дробныя шматочкі. Колас.

сячы́, сяку, сячэш, сячэ; сячом, сечаце, сякуць; пр. сек, ‑ла; незак.

1. каго-што. Удараючы з размаху чым‑н. вострым, раздзяляць на часткі; рассякаць. Ідучы ў інтэрнат паўз дрывотню, хлапец бачыў, як старэнькі дзядуля, начны вартаўнік, сячэ дровы. Кулакоўскі. Людзі секлі трыснёг на кавалкі, расшчэплівалі на пласцінкі і склейвалі іх. Атрымліваліся лісты. Мяжэвіч. // Шматкратна ўдараючы чым‑н. вострым, здрабняць. Баба секла ў цэбрыку сырую бульбу. Сякач так і мільгаў уніз-уверх у яе руках. Паўлаў. А дворніца гэтак стараецца І наледзь няшчадна сячэ. А. Вольскі. // Ударамі збіваць, пашкоджваць. Стаяць халмагоркі, Крычаць певуны, Памост капытамі Сякуць скакуны. Калачынскі. // Рассякаць хуткімі рухамі, ударамі (паветра, ваду). Сякуць крыламі ластаўкі Распалены блакіт. Панчанка. Два шырокія промні секлі цемру, палохалі яе, жахалі. Пташнікаў. // Высякаць, здабываць (вугаль, гліну і пад.). Сячы вугаль.

2. каго-што. Падсякаць, валіць на зямлю, аддзяляць ад асновы; ссякаць. Сячы лес. □ Тут жа, на лабяку паўз дарогі, жанчыны секлі лысыя качаны капусты. Дуброўскі. Некалькі чалавек ачышчалі месца пад забудову — секлі кусты і раўнавалі грунт. Чорны. / у перан. ужыв. — За такія памылкі галовы сякуць, — сказаў шэф. Новікаў. // Паражаць халоднай зброяй. Відаць, як узнімаюцца і апускаюцца постаці людзей, што махаюць вінтоўкамі з вострымі штыкамі, як рвуцца коні табун на табун, і людзі сякуць адзін аднаго шаблямі... Кавалёў.

3. што. Спец. Абчэсваць (камень). Сячы камень. // Вырабляць (з каменя) абчэсваннем; высякаць.

4. каго-што. Біць, караць (розгамі, бізуном і пад.). Маці таксама хвастала чым папала. Але секла яна з асцярогай. Асіпенка. Прадзеда майго пан Хвастуноўскі часта сек за грубіянства. Гарэцкі.

5. каго-што і без дап. Ліць моцна, струменямі. А дождж сячэ, і ўсё цячэ, у грум бяжыць вада. А. Вольскі. // З сілай біць, хвастаць (пра дождж, град і пад.). Жыта сек за хатай град І ў сосны, біўся ён са звонам. Куляшоў. Пасля дажджу, які некалькі дзён запар сек пажоўклую траву і збіваў чырвонае лісце з дрэў, усюды блішчалі лужыны. Хомчанка. // Хвастаць, удараць чым‑н. Ногі грузлі ў .. торфе, і нябачнае ў змроку вецце секла ў твар. Навуменка. // Рэзаць (пра траву і пад.). Маладая асака сячэ босыя ногі. Бажко.

6. Разм. Весці бесперапынны моцны абстрэл. Па гасцініцы зноў ударыла артылерыя, кулямёты секлі шквальным агнём. Грахоўскі.

7. каго-што. Разм. Кусаць (пра насякомых). Аваднёў цяпер многа, і сляпні сякуць жывёлу. Рылько.

8. перан. Гаварыць, выказвацца пра каго‑, што‑н. вельмі рэзка, рашуча. Аўдзей Іванавіч у крэсле закрактаў: — Цыц! Зноў языку ты [Сымон] волю даў? Вунь, пасівелі твае скроні, А розуму ніяк не нажывеш, Усё з пляча сячэш... Валасевіч.

9. што. Разм. Грызці, прагрызаць дзіркі дзе‑н. (пра мышэй). Мышы сякуць салому.

10. што і без дап. Разм. Рабіць што‑н. хутка, у тэмпе. Гадзіны паўтары Савоська не пераставаў сячы на цымбалах. Чарот.

•••

Сячы ў вочы — адкрыта гаварыць праўду.

сячы́ся, сякуся, сячэшся, сячэцца; сячомся, сечацеся, сякуцца; пр. секся, секлася; незак.

1. Віцца, весці бой. Сячыся на шаблях.

2. Рассякацца, быць пасечаным. Смаляць [белыя] па нас лежачы. Толькі лісце сячэцца ад куляў. Якімовіч.

3. Расшчапляцца на канцах, ламацца (пра валасы). Некалі прыгожая, Крывіцкая зараз паблякла. Русыя валасы секліся, давялося абстрыгчы і зрабіць завіўку. Гурскі.

4. Зал. да сячы (у 1–4 знач.).

сячэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. сячы (у 1–4 знач.).

2. Паверхня, плоскасць, па якой што‑н. рассечана, разрэзана (у сапраўднасці або ўяўна). Плошча сячэння. Папярочнае сячэнне. □ Ахтан, узняўшы бровы, моўчкі маляваў трубкі рознага сячэння. Алешка.

•••

Залатое сячэнне — прапорцыя, у якой адна частка адносіцца да другой, як усё цэлае да першай часткі.

Кесарава сячэнне — аперацыя рассячэння брушной сценкі або похвы і маткі ў цяжарная жанчыны для нараджэння дзіцяці (робіцца пры немагчымасці нармальных родаў).