Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сярэдняпо́зні, ‑яя, ‑яе.

Сярэдні па часу выспявання сярод позніх сартоў. Сярэдняпозні сорт бульбы.

сярэдняра́нні, ‑яя, ‑яе.

Сярэдні па часу выспявання сярод ранніх сартоў. Сярэдняраннія сарты пшаніцы.

сярэдняру́скі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сярэдзіны еўрапейскай часткі Расіі. Сярэдняруская прырода. Сярэднярускія гаворкі.

сярэдняспе́лы, ‑ая, ‑ае.

Сярэдні па тэрміну выспявання. Памідоры сярэдняспелага сорту.

сярэднясу́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які прыпадае ў сярэднім на суткі; які з’яўляецца сярэдняй велічынёй, што прыпадае на суткі. Сярэднясутачная тэмпература. Сярэднясутачны надой.

сястра́, ы́; мн. сёстры (з ліч. 2, 3, 4 сястры́), сясцёр; ж.

1. Кожная з дачок у адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў. [Ганна Тарасаўна:] — Гадавалася я круглай сіратой — ні бацькоў, ні братоў, ні сясцёр родных. Бядуля.

2. Жанчына, аб’яднаная з кім‑н. агульнымі інтарэсамі, умовамі і пад. Як рэзка адрозніваецца далейшы лёс Кацярыны [з паэмы П. Броўкі «Кацярына»] ад лёсу яе сясцёр з твораў Някрасава або Шаўчэнкі. Бярозкін. // перан. Пра блізкую, духоўна родную жанчыну. Сустрэць у кім-небудзь сястру. // перан. Пра што‑н. блізкае, роднаснае. [Паддубны:] — Ці ж не табе [Сяргею] казалі не раз, што вытрымка — родная сястра адвагі. М. Ткачоў.

3. Асоба сярэдняга медыцынскага персаналу ў лячэбнай установе. Дзяжурная сястра. Хірургічная сястра. □ Бальнічны дзень пачынаўся з абходу сястры. Нячутнымі крокамі ўваходзіла яна ў палату, будзіла хворых, рабіла ўколы, клала на тумбачку медыкаменты. Асіпенка. Вып’ем мы за сваіх генералаў, За ласкавых сясцёр франтавых. Панчанка.

4. Член жаночага рэлігійнага брацтва; манашка.

•••

Дваюрадная сястра — дачка дзядзькі або цёткі.

Малочная сястра — дачка мамкі ў адносінах да выкармленых ёю чужых дзяцей, а таксама выкармленая дзяўчынка ў адносінах да дзяцей мамкі.

Медыцынская сястра — тое, што і сястра (у 3 знач.).

Міласэрная сястра (уст.) — медыцынская сястра.

Сястра-гаспадыня — асоба, якая загадвае гаспадаркай (вялізнай, інвентаром, часам — харчаваннем і пад.) у лячэбных і дзіцячых установах, сталовых і пад.

Траюрадная сястра — дачка дваюраднага дзядзькі або цёткі.

Ваша сястра — вы і вам падобныя жанчыны; усе вы, жанчыны.

Наша сястра — мы і нам падобныя жанчыны; усе мы жанчыны.

сястры́н, сестрына, сестрыно.

Які належыць сястры (у 1 знач.), уласцівы сястры. Сястрын абавязак. □ І раптам добры жаль ахапіў Майчына сэрца. Яна хутка прайшла ў сястрын пакой. Караткевіч.

сястры́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сястры (у 1 знач.), уласцівы сястры. [Таццяна] не ведала братніх і сястрынскіх пачуццяў. Васілёнак. [Сёстры] ўглядаліся адна другой у вочы, нібы кожная намагалася хутчэй даведацца, а што сталася з чалавекам, а ці тыя гэта вочы,.. што глядзелі на цябе з сястрынскай ласкай і спагадай. Лынькоў.

2. Разм. Які мае адносіны да сястры (у 3 знач.). Сястрынскія курсы.

сястры́ца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Памянш.-ласк. да сястра (у 1, 3 знач.). Малы з бацькаўскім выглядам частаваў меншую сястрыцу. Чорны. — Сястрыца! — пазваў .. [Лібу] ранены на мыліцах. Гартны.

2. Фамільярна-ласкавы зварот да асобы жаночага полу. [Маці:] — А мая ж ты сястрыца! А мая ж ты галубка! Якімовіч.

сястры́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да сястра (у 1, 3 знач.); сястрыца.