пла́ўны, ‑ая, ‑ае.
Роўны, без рэзкіх пераходаў (аб рухах, гуках і пад.). Шырокі і плаўны круг зрабіў самалёт над полем. Краўчанка. Саша плаўнаю хадою пайшла да дзвярэй. Пестрак. У вялікай рэстараннай зале іграў аркестр, а сюды даляталі толькі прыглушаныя, плаўныя гукі, якія танулі ў вясёлым гармідары. Навуменка.
пла́ўшчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца сплавам лесу па рацэ; сплаўшчык.
плафо́н, ‑а, м.
1. Столь, упрыгожаная жывапісам, лепкай або мазаікай. // Твор манументальна-дэкаратыўнага жывапісу, які аздабляе перакрыццё (плоскае, скляпеністае ці купальнае) якога‑н. памяшкання.
2. Абажур для электрычных лямп, пераважна пад столлю. Вуха адчула сухі, цокаючы гук: са столі пасыпаўся шкляны друз з разбітага плафона. Лынькоў. Мяккае святло малочных плафонаў заспакойвала вочы. Васілёнак.
[Фр. plafond.]
плафо́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да плафона.
пла́ха, ‑і, ДМ пласе, ж.
1. Палавіна расколатага ўздоўж бервяна; плашка. Партызаны валілі асіннік і ельнік, калолі яго на доўгія плахі. Грахоўскі.
2. Вялікая калода, на якой даўней адсякалі галаву прыгаворанаму да пакарання смерцю, а таксама памост, на якім адбывалася пакаранне. І за мяне кладзе пры ўсім народзе На плаху Сценька Разін галаву. Грахоўскі. Земан выпадкова Глянуў на падворак і замёр ад жаху: Там ужо камусьці рыхтавалі плаху. Бажко.
пла́хта, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.
Грубая кустарнага вырабу ўзорчатая ўкраінская тканіна. // Жаночае адзенне тыпу спадніцы з двух сшытых да палавіны полак.
пла́хтавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да плахты.
плацда́рм, ‑а, м.
Прастора, мясцовасць, на якой рыхтуецца і разгортваецца ваенная аперацыя. У пачатку 1945 года Савецкая Армія адкінула немцаў на захад, захапіла важныя плацдармы нямецкіх войск у самой Германіі і выйшла на подступы да Берліна. «Беларусь». // перан. Аб краіне, тэрыторыі, якая можа быць выкарыстана ў якасці базы для нападу на іншую краіну. Лес быў плацдармам, захопленым у ворага ў першыя ж дні акупацыі, з якога ўсё шырэй і глыбей развіваліся баявыя дзеянні партызанскай вайны. Шахавец.
[Фр. place d'armes.]
плаце́ж, ‑цяжу, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. плаціць.
2. Сума, якая павінна быць выплачана.
•••
Накладны плацеж — від грашовага разліку, пры якім грошы бяруцца поштай, чыгункай і пад. з атрымальніка для перадачы іх адпраўшчыку.
плацежаздо́льнасць, ‑і, ж.
Спец. Здольнасць пакрыць свае грашовыя абавязацельствы.