Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

здра́днік, ‑а, м.

Той, хто здрадзіў каму‑, чаму‑н., прадаў каго‑, што‑н. У кабінеце начальніка ўправы.. [Маруся] пазнавала здраднікаў і наймітаў, якія прыходзілі сюды з даносам на патрыётаў. Брыль. Нейкі здраднік данёс фашыстам, што настаўнік Дулеба пайшоў у партызаны, і над яго сям’ёю навісла небяспека. Шчарбатаў. // Той, хто парушыў вернасць каму‑н., у чым‑н.

здра́дніца, ‑ы, ж.

Жан. да здраднік.

здра́дніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да здрадніка; уласцівы здрадніку. Здрадніцкія паводзіны. □ У Аўгінні ніякіх сумненняў цяпер не заставалася: Саўку нанялі, купілі за грошы і ставілі на цёмную здрадніцкую справу. Колас.

здра́дніцтва, ‑а, н.

Паводзіны, учынкі здрадніка. Пісьменнік здолеў даць не толькі тыповы характар правакатара, але і раскрыць вытокі здрадніцтва. Дзюбайла.

здра́дны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і здрадлівы. Здрадны чалавек. Здрадная ўсмешка.

здранцве́ласць, ‑і, ж.

Стан здранцвелага. [Эльза] абаперлася аб стол у здранцвеласці і ўтрапенні. Краўчанка. У першы момант пры трапяткім бляску агню і Даніна апанавала нейкая здранцвеласць перад гэтай нерухомай фігурай. Грамовіч.

здранцве́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў адчувальнасць, гібкасць ад холаду або нязручнага становішча; амярцвелы, адзеравянелы. Хведар доўга пляскаў рукамі, саграваючы здранцвелыя ад холаду пальцы. Новікаў. Каб крыху сагрэцца і размяць здранцвелыя са сну ногі, Мішка палез на высокую хвою. Лынькоў.

2. перан. Які прыйшоў у стан нерухомасці, знямення ад моцнага перажывання, страху і пад. Людзі пахаваліся па скляпах і, здранцвелыя, чакалі канца бою. Якімовіч.

здранцве́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. здранцвець. — Мамка, мне страшна! — закрычала Валюшка, і гэта вывела Ліду Сцяпанаўну з стану здранцвення. Шчарбатаў.

здранцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Страціць адчувальнасць, гібкасць ад холаду або нязручнага становішча; амярцвець, адзеравянець. — Усё цела здранцвела: мусіць, гадзін пяць ляжалі нерухома. Маўр. Ногі Андрэя так здранцвелі, што ён ледзь адчуваў іх. М. Ткачоў.

2. перан. Прыйсці ў стан нерухомасці, знямення ад моцнага перажывання, страху і пад.; замерці. [Гольц-Мілеру] раптам стала ясна, што брат памірае, і ўсё ў ім здранцвела... Мехаў. Фішар таксама ўчуў нешта і як быў, укленчыўшы ў іржышчы, так і здранцвеў у напружанай позе сполаху. Быкаў.

здра́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Драпаючы чым‑н. вострым, зняць, саскрэбці. Здрапаць надпіс. Здрапаць фарбу.