Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

во́пратка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Верхняе адзенне. Цёплая вопратка. Будзённая вопратка. □ Людзі крыху розніліся вопраткай. Тут трапляліся чорныя форменкі чыгуначнікаў, прамазучаныя шапкі дэпоўцаў. Лынькоў. // перан. Покрыва чаго‑н. Белая зімовая вопратка зямлі падралася перш за ўсё на ўзгорках. Крапіва.

во́пыт, ‑у, М ‑пыце, м.

1. Сукупнасць практычна набытых навыкаў, ведаў. Вытворчы перадавы вопыт. Абмен вопытам. □ [Яўген:] — Папрацуеш, набярэшся вопыту, лягчэй будзе і вучыцца потым. Карпаў. Можна было спрачацца, даказваць. Але ў Булая быў вопыт, а ў Алеся толькі ўпэўненасць, якая пакуль што грунтавалася на адной інтуіцыі. Шыцік. // Тое, што было зведана на практыцы, у жыцці, з чым даводзілася сустракацца. Ведаць з уласнага вопыту. □ Вопыт рэвалюцыйнага руху апошніх гадоў наглядна паказаў: калі ўзнікае рэальная пагроза панаванню манапалістычнага капіталу і яго палітычных стаўленікаў, імперыялізм ідзе на ўсё, адкідваючы ўсякую бачнасць якой бы там ні было дэмакратыі. Брэжнеў.

2. У матэрыялістычнай філасофіі — сукупнасць пачуццёвых успрыманняў, набытых у працэсе ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем. Яны [махісты] упадаюць у сапраўдны містыцызм, дапускаючы нешта тагасветнае, якое стаіць за межамі «вопыту» і пазнання. Ленін.

во́пытнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць вопытнага.

во́пытны, ‑ая, ‑ае.

Які мае вопыт работы ў якой‑н. галіне. Вопытныя кадры. Вопытны праваднік. Вопытны шафёр. // З багатым жыццёвым вопытам; з пэўнымі навыкамі. Бывае, што прадбачанні нават вопытных людзей аказваюцца памылковымі. Ермаловіч. Наперадзе бег.. [леснікоў] неразлучны спадарожнік, — разумны і вопытны сабака. Шчарбатаў. // Спрактыкаваны, натрэніраваны (пра зрок, слых). Вопытнае вока.

во́раг, ‑а, м.

1. Той, хто варожа адносіцца да каго‑, чаго‑н., сваімі дзеяннямі шкодзіць каму‑, чаму‑н.; непрыяцель. Класавы вораг. □ Перасварыліся браты за зямлю і сталі адзін аднаму ворагамі. Якімовіч. І ўсё-такі самым небяспечным ворагам чаек на гняздоўі з’яўляецца лісіца. В. Вольскі. // Прынцыповы праціўнік.

2. зб. Процілеглы ваюючы бок; праціўнік. Наткнуўшыся на моцныя сілы ворага, .. атрад зрабіў круты.. паварот на.. усход. Брыль.

во́рагаў, ‑ава.

Які належыць ворагу; тое, што і варожы (у 2 знач.).

во́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад араць.

2. у знач. прым. Ускапаны пры дапамозе плуга. Воранае поле.

во́рвань, ‑і, ж.

Уст. Тлушч, здабыты з марскіх жывёл або рыб.

во́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Разм. Тое, што і ворыва (у 1 знач.).

во́рлікі, ‑аў; адз. ворлік, ‑а, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства казяльцовых.