слізо́к, ‑зка, м.
Спец. Скура вантробнага або мёртванароджанага цяляці, якая выкарыстоўваецца для вырабу лайкі 2.
слізо́та, ‑ы, ДМ ‑зоце, ж.
Тое, што і слізгота. Як абцасы зносяцца, тады ў дождж ці ў слізоту ніякай сілай нельга ўтрымацца. Ермаловіч.
слізь, слізі, ж.
1. Цягучая і слізкая маса, якая выдзяляецца некаторымі клеткамі жывёлін і раслін. Кароткім спружыністым рухам.. [вугор], як змяя, выслізне з вашых рук.. Гэтаму.. дапамагае яго надзвычай дробная, схаваная ў скуры луска, накрытая зверху тоўстым слоем слізі. Матрунёнак.
2. Слізкі, цягучы налёт на прадметах ад пастаяннай вільгаці. Ля берагоў возера было мелкае, а дробныя каменьчыкі, што ўсцілалі дно, пакрыты нейкай зялёнай сліззю. Ваданосаў. Косця сцёр з біклагі слізь і ракушкі, паспрабаваў адкруціць вечка. Гамолка. / у перан. ужыв. А крытык скажа строгі, Як адмятала дрэнь і слізь Яна [праўда] з жыцця дарогі. Калачынскі.
слізяві́к, ‑зевіку, м.
Ніжэйшая бесхларафілавая расліна, слізісты грыб.
сліма́к, ‑а, м.
1. Малюск, які мае ракавіну і рухаецца вельмі марудна. [Мядзведзіца] пераварочвала старыя, трухлявыя калоды.. і ў чорнай вільготнай глебе заўсёды знаходзіла пад імі мноства тлустых лічынак, чарвей і слімакоў. В. Вольскі. // Малюск, амаль пазбаўлены ракавіны; слізняк. Корміцца язь насякомымі і іх лічынкамі, рознымі чарвякамі, слімакамі і водарасцямі. Матрунёнак.
2. Разм. зневаж. Пра бязвольнага, бесхарактарнага чалавека. [Маці:] — Бацька кажа — [Юрка] проста нікчэмны, слімак. Карпаў. [Сцяпан] лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, — але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог. Мележ.
слімакава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Пакрыты слінай, мокры ад сліны. Слімакаватыя губы. Слімакаваты рот.
слімако́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да слімака. Слімаковая ракавіна. □ Мінулі хмары, І сонца ўстала зноў, Жук хату слімакову Пакінуў і пайшоў. Танк.
сліма́цкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да слімака (у 2 знач.).
сліма́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм., зневаж. Жан. да слімак (у 2 знач.).
слі́на, ‑ы, ж.
Цягучая вадкасць, якая выдзяляецца асобымі залозамі ў поласці рота чалавека і жывёлы і садзейнічае змочванню і пераварванню ежы. [Кузьма:] — Ды такая паляндвіца! Свіціцца проста. У мяне аж сліна пацякла, калі ўбачыў. Ермаловіч. [Пніцкі] ўжо .. у смак гаворкі ўваходзіў: пырскаў слінаю, патрасаў плячыма. Чорны. Стаіць ураднік, выцірае рукавом сліну з рота, твар злосны і крывіцца ад знявагі. Каваль.
•••
Глытаць сліну гл. глытаць.