Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пла́ўка, ‑і, ДМ плаўцы; Р мн. плавак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. плавіць.

2. Спец. Адзін вытворчы цыкл выплаўкі металу. // Метал, выплаўлены за адзін вытворчы цыкл. І спявае сэрца сталявара, душа доменшчыка ў тую хвіліну, калі з латка печы, як першы промень сонца на ўсходзе, шугаюць іскры, пальецца цяжкая плаўка. «Беларусь». Праз нейкі час, калі Міхал афіцыйна прыняў змену і печ выдала першую плаўку, яго выклікаў да тэлефона галоўны інжынер. Карпаў.

пла́ўкасць, ‑і, ж.

Спец. Уласцівасць плаўкага, здольнасць расплаўляцца.

пла́ўкі ​1, ‑ая, ‑ае.

Які мае здольнасць плавіцца. Плаўкія металы.

пла́ўкі ​2, ‑аў; адз. няма.

Кароткія, шчыльныя мужчынскія трусы, якія звычайна надзяваюцца для плавання.

плаўле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. плавіць.

пла́ўлены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад плавіць.

2. у знач. прым. Атрыманы шляхам плаўлення.

•••

Плаўлены сыр гл. сыр.

пла́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць плаўнага.

пла́ўневы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плаўняў.

пла́ўні, ‑яў; адз. няма.

Забалочаныя берагі рэк і астраўкі, парослыя водалюбівай расліннасцю, якія затапляюцца вясной у час паводкі. Тут таксама, кажуць, былі партызаны. Дзейнічалі ў прырэчных плаўнях і зарасніках, а часам і ў палях. Няхай.

плаўні́к, ‑а, м.

Орган руху ў рыб і водных жывёл. Недзе ўнізе санліва варочаецца рака ў сваіх берагах ды размінаюць плаўнікі тлустыя самы... Гаўрылкін. Напяўшы тугія плаўнікі, Хвастамі ад прагнасці б’юць шчупакі. Глебка.

плаўніко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да плаўніка.