Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ніштава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Досыць добры, нядрэнны. Чалавеку гадоў было на выгляд за трыццаць. Такі сабе русявы, ніштаваты мужчынка. Брыль. Я пайшоў у прамтаварны магазін, купіў ніштаваты гарнітур, туфлі. Лупсякоў.

2. Значны, немалы (па велічыні, колькасці). Ніштаватая сума грошай. □ Нам часцей пачалі пападацца ніштаватыя шчупачкі. Хведаровіч. У нашых скураных торбачках ёсць дабраваты кусок сала і ніштаваты акраец хлеба. Сташэўскі.

нішто́ 1, нічо́га, нічо́му, нішто́, нічы́м, ні аб чым, займ. адмоўны.

1. Ні адзін, ніякі прадмет, ніякая справа, з’ява і г. д. Штодня глядзеў я, безнадзейны, На ўсход і захад залаты, Сачыў за небам пільна, дбала, За кожнай хмаркаю на ім, Глядзеў, ці хіліцца ўніз дым, — Дажджу нішто не абяцала. Колас. Не відаць было ні вёскі, якую Сомік хацеў абмінуць, і нічога іншага, на чым магло б спыніцца вока. Крапіва. [Астаповіч] стаяў і не варушыўся. Час для яго цяпер не мераўся нічым. Чорны.

2. у знач. наз. нішто́, нескл., м. Пра каго‑, што‑н., хто (што) нічога сабой не ўяўляе, не мае ніякай цаны. [Лясніцкі:] — Вялікая сіла — мара. Чалавек без яе быў бы нішто. Шамякін.

•••

Без нічога ніякага — без дай прычыны; раптоўна.

За нішто — а) прадаць, купіць за вельмі нізкую цану, вельмі танна; б) без прычыны, без падставы, ні за што.

Звесці на нішто гл. звесці.

Звесціся на нішто гл. звесціся.

Нічога не варты гл. варты.

Нічога не выйдзе гл. выйсці.

Нічога не значыць гл. значыць.

Нічога не зробіш (не папішаш) гл. зрабіць.

Нічога не скажаш гл. сказаць.

Нічога падобнага — выраз рашучага адмаўлення, нязгоды.

нішто́ 2,

1. прысл. (часта ў спалучэнні са словам «сабе»). Нядрэнна, ніштавата, даволі добра. Кормяць нішто. □ Гэты [чалавек] нішто сабе адзеты, у чорнай кашулі, падпярэзан шырокім поясам. Колас. [Сярго:] А дома як, жывуць нішто? [Мелех:] Нішто... Глебка.

2. безас. у знач. вык. Хоць бы што; не шкодзіць. [Падлетак-дзяўчынка] ужо ў пару з маткай сядзіць за верацяном праз цэлыя зімовыя вечары — і нішто. Зарэцкі.

3. у знач. вык. (часта ў спалучэнні са словам «сабе»). Неблагі, нядрэнны, даволі добры. Ураджай нішто. □ Кабылка была нішто сабе, толькі худаватая. Чарнышэвіч. [Аграном:] — Нішто дзяўчына. Гаспадарлівая, відаць. Пальчэўскі. [Андрэй Барысавіч:] — Дык, кажаш, здароўе, матчына нішто сабе? Мехаў.

нішчы́мніца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Посная ежа. Сям’ю [Леўчык] трымаў на нішчымніцы, хоць выкормліваў па два — тры вепрукі на год. Чарнышэвіч. Дабудоўваў [сядзібу] .. бацька Банадыся, бядняк з беднякоў, у якога нішчымніца і на сняданак, і на полудзень, і на вячэру. Хадкевіч.

2. Бясхлебіца, голад. [У кнізе] ёсць некалькі апавяданняў пра дзяцінства, на долю якога выпала перажыць .. жахі вайны, зведаць сіроцтва і нішчымніцу. «ЛіМ». Многае вакол было падобна на ваеннае. Тое ж запусценне, тая ж нішчымніца, і — зямлянкі, зямлянкі... Мележ.

нішчы́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Не прыпраўлены скаромным, без скаромнага; посны. Мы атрымлівалі толькі агульную норму хлеба і два разы на дзень у сталоўцы нішчымны .. крупнік. Сяргейчык. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. А меншы наварыў капусты, ды і то нішчымнай. Якімовіч.

2. Без нічога, без якіх‑н. дабавак. [Хана] такая худая, што мне робіцца шкада яе, і я аддаю ёй усе грушы, а на перапынку елі нішчымны хлеб. Каліна. // Пусты. Часамі ў гумно ўрываўся лёгкі ветрык, паварушваючы звіслыя са страхі нішчымныя каласкі. Колас.

ні́шчыцца, ‑чыцца; незак.

1. Знішчацца, гінуць, прападаць. Пад вечар уся цэнтральная частка горада была ахоплена пажарам. Высока ляцелі іскры, гінула чалавечая праца цэлых пакаленняў, нішчыліся нацыянальныя багацці. Гурскі. Дзе вартавы да шкоднікаў ласкавы, Там нішчыцца дабро дзяржавы. Корбан.

2. Зал. да нішчыць.

ні́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., каго-што.

Знішчаць, разбураць, пустошыць, не даваць развівацца. Агонь перакідваўся з хаты на хату, без жалю спапяляў і нішчыў усё на сваім шляху. Шчарбатаў. Раз’юшаныя безвыніковай барацьбой з народнымі мсціўцамі, акупанты нішчылі паселішчы. «Звязда». Хмара чорная не будзе Нішчыць градам каласы! Васілёк. / у перан. ужыв. У вобразе струхлелага дуба Я. Колас паказаў царскі лад, які душыў і нішчыў усё жывое ў краіне. Казека.

нішчэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. нішчыць.

нія́к, прысл.

Ніякім чынам; зусім. Воз ніяк не мог пераехаць насыпу, якім былі абнесены могілкі. Сабаленка. Ніяк не клеіцца размова, Хоць думак шмат у галаве. Колас.

ніякава́та, прысл.

Разм.

1. Няёмка, не па сабе, сарамліва. На калгасным двары Сяргей адчуваў сябе ніякавата: староннім чалавекам ён тут ужо быць не мог, а гаспадаром — яшчэ не меў права. Шахавец. Хлопцы прыціхаюць, убачыўшы Надзю, а Валянцін ніякавата апускае вочы: значыць, не для дзявочага вуха нешта было сказана. Кулакоўскі. // безас. у знач. вык. Пра адчуванне няёмкасці, сарамлівасці. Як бы ўсё вымерла навокал. Ад нямога бязлюддзя Віктару стала ніякавата. Навуменка. Стала ніякавата хадзіць [Любе] у школу з меншымі па ўзросту вучнямі. Грамовіч.

2. Нязручна. На вуліцы ў касцюме адчувалася вольна, але ніякавата — асабліва неставала рамяня. Карпаў.

нія́каватасць, ‑і, ж.

Разм. Стан, пачуццё няёмкасці, сарамлівасці. Неўзабаве прыйшлі Андрэй Полаз і Раўнаполец. Трымалі яны сябе ў пачатку крыху афіцыйна ці, магчыма, проста адчувалі ніякаватасць у гасцях у дырэктара. Шамякін. Таццяна сумелася, адчула ніякаватасць. Марціновіч.