нішто́ 1, нічо́га, нічо́му, нішто́, нічы́м, ні аб чым, займ. адмоўны.
1. Ні адзін, ніякі прадмет, ніякая справа, з’ява і г. д. Штодня глядзеў я, безнадзейны, На ўсход і захад залаты, Сачыў за небам пільна, дбала, За кожнай хмаркаю на ім, Глядзеў, ці хіліцца ўніз дым, — Дажджу нішто не абяцала. Колас. Не відаць было ні вёскі, якую Сомік хацеў абмінуць, і нічога іншага, на чым магло б спыніцца вока. Крапіва. [Астаповіч] стаяў і не варушыўся. Час для яго цяпер не мераўся нічым. Чорны.
2. у знач. наз. нішто́, нескл., м. Пра каго‑, што‑н., хто (што) нічога сабой не ўяўляе, не мае ніякай цаны. [Лясніцкі:] — Вялікая сіла — мара. Чалавек без яе быў бы нішто. Шамякін.
•••
Без нічога ніякага — без дай прычыны; раптоўна.
За нішто — а) прадаць, купіць за вельмі нізкую цану, вельмі танна; б) без прычыны, без падставы, ні за што.
Звесці на нішто гл. звесці.
Звесціся на нішто гл. звесціся.
Нічога не варты гл. варты.
Нічога не выйдзе гл. выйсці.
Нічога не значыць гл. значыць.
Нічога не зробіш (не папішаш) гл. зрабіць.
Нічога не скажаш гл. сказаць.
Нічога падобнага — выраз рашучага адмаўлення, нязгоды.
нішто́ 2,
1. прысл. (часта ў спалучэнні са словам «сабе»). Нядрэнна, ніштавата, даволі добра. Кормяць нішто. ▪ Гэты [чалавек] нішто сабе адзеты, у чорнай кашулі, падпярэзан шырокім поясам. Колас. [Сярго:] А дома як, жывуць нішто? [Мелех:] Нішто... Глебка.
2. безас. у знач. вык. Хоць бы што; не шкодзіць. [Падлетак-дзяўчынка] ужо ў пару з маткай сядзіць за верацяном праз цэлыя зімовыя вечары — і нішто. Зарэцкі.
3. у знач. вык. (часта ў спалучэнні са словам «сабе»). Неблагі, нядрэнны, даволі добры. Ураджай нішто. ▪ Кабылка была нішто сабе, толькі худаватая. Чарнышэвіч. [Аграном:] — Нішто дзяўчына. Гаспадарлівая, відаць. Пальчэўскі. [Андрэй Барысавіч:] — Дык, кажаш, здароўе, матчына нішто сабе? Мехаў.